Лекар: Купанні на Вадохрышча могуць пашкодзіць дзетародныя органы
Нейрахірург Навукова-даследчага інстытута нейрахірургіі Расійскай Акадэміі навук Аляксей Кашчэеў расказвае пра рызыкі купання ў ледзяной вадзе.
Еўрарадыё: Наколькі небяспечна ныраць у зімовыя вадаёмы, найперш для сэрца?
Аляксей Кашчэеў: Такія дзеянні могуць быць вельмі небяспечнымі для чалавека ў шэрагу станаў. Найперш, з-за таго, што рэзкае ўздзеянне холада выклікае рэзкі спазм розных сасудаў – і дробных і буйных. Гэты спазм пры наяўнасці ў чалавека захворванняў сэрца, у прыватнасці інфарктаў ці стэнакардыі, можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, уключна з паўторным інфарктам. Больш за тое, і пра гэта ведаюць судмедэксперты і патолагаанатамы, нярэдкае і рэфлекторнае спыненне сэрца пры раптоўным трапленні ў халодную ваду. Такое бывае нават у адносна здаровых людзей, асабліва калі гэта адбываецца ў стане алкагольнага ап’янення.
Еўрарадыё: А ці можна ад такіх занырванняў аслепнуць?
Аляксей Кашчэеў: Тэарэтычна, калі ёсць нейкая паталогія сасудаў сятчаткі, у прыватнасці ангеапатыя на фоне цукровага дыябету, то можа адбыцца раптоўная страта зроку.
Еўрарадыё: Беларускі спецназ любіць ныраць на Вадохрышча, паказваючы сваю мужнасць. Ці ўзнікаюць праблемы са здароўем у мужчын?
Аляксей Кашчэеў: Спецназ - гэта ўвогуле асобная катэгорыя. Я заўсёды думаю, навошта яны разбіваюць цэглу сабе аб галаву, я слаба ўяўляю, што з дапамогай такіх дзеянняў трэніруецца. Так што калі чалавек здольны свядома там служыць, то яму нішто не страшна. А калі сур’ёзна, то ішэмія можа развіцца і ў дзетародных органах пры ўздзеянні холада. Таму безумоўна з імі таксама трэба быць асцярожнымі.
Еўрарадыё: А да якога лекара звяртацца, выйшаўшы з вады, калі штосьці забалела?
Аляксей Кашчэеў: Калі здарыўся сардэчны прыступ, то ў месцах арганізаваных купанняў у цывілізаваных краінах дзяжураць брыгады хуткай дапамогі. Тады звяртацца нікуды не трэба – цябе і так прынясуць. А калі штосьці іншае адбываецца, трэба найперш ісці да тэрапеўта па месцы жыхарства і займацца сваімі праблемамі. А лепш не даводзіць сваю паталогію да такога стану, каб мінімальны стрэс мог так на яе так уздзейнічаць. Як казаў патафізіёлаг Селье, стрэс – гэта смак жыцця. Трэба мець нейкія выпрабаванні, але трэба быць здаровым, каб дазваляць сабе гэта.
Еўрарадыё: Але так званыя маржы гадамі купаюцца і не хварэюць. Калі паступова прызвычайвацца, гэта карысна для здароўя?
Аляксей Кашчэеў: Загартоўваннем займаліся лекары ў розных краінах і вельмі актыўна. Гэта сапраўды эфектыўны метад прафілактыкі захворванняў, але праблема ў тым, што людзі часта не разумеюць, што загартоўванне мае сэнс у спалучэнні з усім астатнім. То бок з фізічнай культурай, з адмаўленнем ці хаця б абмежаваннем шкодных звычак, з разумнымі ўмовамі працы і адпачынку. У нас жа часта атрымліваецца так, што чалавек пасля халоднага душа выпівае сто грам і лічыць, што ён аздараўліваецца.