Літоўскія памежнікі будуць пускаць праз мяжу пешшу

Беларускія памежнікі з першага кастрычніка праз мяжу пешшу не пусцяць. Гэтае абмежаванне часовае, кажуць у памежным камітэце, бо няма інфраструктуры для бяспечнага пераходу мяжы пешшу.

"Даходзіла да таго, што у выходныя і сезон адпачынкаў былі чэргі. Людзі скардзіліся, што зімой даводзілася стаяць у чэргах. На польскім баку абсталяваны асобны калідор, і людзі нічым не рызыкуюць. Там адкрылі зялёную дарожку, канал агароджаны, пешаходы ізаляваныя ад транспартных патокаў, і ёсць асобнае памяшканне, дзе іх афармляюць", — кажа прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка. Таксама былі публікацыі ў СМІ дадае ён, напрыклад, у лютым на сайце tut.by.

Мы адшукалі матэрыял, з-за якога зачыняюць праход пешшу праз мяжу: Калі на беларускім баку пешаходы стаяць на вуліцы, то на польскай — у новым ацяпляным памяшканні.

Калі б з беларускага боку не было чэргаў, праз мяжу пешшу працягвалі б пускаць. Напрыклад, толькі за першыя два месяцы пасля ўвядзення пешага пераходу на пункце пропуска ў Кузніцы мяжу прайшло больш за 7 тысяч пешаходаў.

На спрошчаных памежных пунктах (для жыхароў памежных раёнаў) пешы рух застаецца.

На мяжы з Літвой 100 чалавек у пешай чарзе (фота)

Па словах прадстаўніка памежнага камітэта, беларусы скардзіліся, што пункты не абсталяваныя для бяспечнага і камфортнага пераходу. Таму хадзіць пешшу праз мяжу вырашылі забараніць, пакуль не будзе абсталяваная інфраструктура: памяшканні і асобны канал.

Пакуль перасячы беларускую мяжу можна будзе толькі аўтобусам, цягніком, уласным аўто альбо прасіцца да некага ў машыну.

У літоўскім памежным камітэце Еўрарадыё паведамілі, што афіцыйнай інфармацыі пакуль не атрымалі, але пра рашэнне беларускіх калегаў ведаюць.

"Але мы ніякіх абмежаванняў наконт пешаходаў не збіраліся ўводзіць і не будзем. Гэта аднабаковае рашэнне, і ёсць такое права. Але там напісана, што гэта часова".

Калі чалавек будзе ісці пешшу, літоўцы яго прапусцяць.

"У нас няма абмежаванняў для пешаходаў. Калі чалавек ідзе праз пашпартны і мытны кантроль і ў яго ўсё у парадку, мы не маем права яго не выпусціць. Мы можам папярэдзіць, што яго не пусцяць у Беларусь, а затрымліваць не маем права. Далей яго выбар", — кажуць у літоўскім памежным камітэце і падказваюць, як цяпер беларусам праходзіць мяжу.

"Чалавек можа у прапускны пункт (беларускі — Еўрарадыё) заехаць на спадарожным аўтамабілі. Калі пройдзе кантроль, то можа стаць у нейтральную паласу і чакаць уезда ў Літву. Калі чалавек едзе як прыватная асоба, ён можа выйсці з машыны і ўвайсці ў Літву пешшу. Якая патрэбная інфраструктура для пешахода? Тратуары? Калі ідзеш збоку дарогі, для нас гэта не праблема".

На саміх памежных пераходах у Літве рух рэгулюецца і ёсць тратуары, але няма тратуара, які б адной лініяй ішоў з Літвы ў Беларусь і назад, кажуць літоўскія памежнікі. Праўда, па іх словах, і вялікіх пешых чэргаў ніколі не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі