Лявон Вольскі “Hramadaznaustva”

Трэці сольны альбом Лявона Вольскага быў вельмі чаканым. Што зменіцца, як загучыць? Тым больш зацікаўленасць падагравалася поўнай сакрэтнасцю з боку музыкі. Але ў выніку дыск “Hramadaznaustva” пакінуў вельмі супярэчлівыя ўражанні! Магчыма, менавіта чаканне і стала прычынай такога… эфекту, але…

Як і абяцалася, тэксты песень даволі агрэсіўна сацыяльна накіраваныя — што ў нашых сённяшніх рэаліях становіцца адметнай рысай альбома.

“Думаю, скончыўся час кампрамісаў, гандлю, прымання ўмоваў гульні, унутранага цэнзара і лавіравання. Сышоў час эзопавай мовы, схаваных сэнсаў і чытання паміж радкамі. Хацелася выказацца проста і ясна”, — распавядае Вольскі напярэдадні рэлізу, і з ім складана не пагадзіцца. Сапраўды беларускаму року апошнім часам вельмі не хапала вострасці і пратэсту.

Прыхільнікі старога яшчэ N.R.M. дакладна знойдуць шмат прыемных момантаў на “Грамадазнаўстве”. Тут і музычная стылістыка, і настрой, і падача вельмі нагадваюць знакаміты рок-квартэт. Нават голас Вольскага зноў загучаў моцна.

А вось аранжыроўка і агульнае гучанне “Грамадазнаўства” заўважна адрозніваецца ад усіх папярэдніх запісаў з удзелам Лявона Артуравіча. Відаць, нарвежскі музыка-мультыінструменталіст і саўнд-прадзюсар альбома Снорэ Бэргэруд вельмі ўдала і грунтоўна прыклаў руку да першапачатковага варыянту песень. Гучыць усё тлуста, моцна і натхняльна. Цікава нават проста прыслухоўвацца і вышукваць дадатковыя студыйныя фішачкі, якіх хапае на кожным трэку.

Але пры ўсіх з большага пазітыўных рысах матэрыял новага альбома Лявона Вольскага застаецца пасрэдным і шэрым. Ніводнага хіта з 11 трэкаў вылучыць немагчыма. Вуха чапляецца выключна за песні “Маё каханне”, якая шмат разоў гучала на канцэртах, і “Краіны няма” — саўндтрэк да фільма “Жыве Беларусь!”. “Грамадазнаўства” не застаецца ў галаве пасля праслухоўвання і не выклікае чаканага захаплення. А гэта для Лявона Артуравіча, на жаль, крок назад. Калі абагульняць, то для палітычнага ці сацыяльнага жыцця новы альбом Вольскага можа і стане з’явай, але для музычнага — наўрад ці. Шкада! Будзем спадзявацца, што не на доўга.

Трэк-ліст:

01 - Milicyjanty i prastytutki

02 - A chto tam idzie?

03 - Šeraja kroŭ

04 - Bulbašy

05 - MIRBE

06 - Čužy

07 - Nichto nie chacieŭ pamirać

08 - Krainy niama

09 - Lamaj scenar!

10 - Mefista

11 - Majo kachańnie

Удзел у запісе:

Лявон Вольскі – вакал, мелодыі і тэксты

Снорэ Бергеруд – усе гітары і бас, аранжыраванне і прадзюсаванне

Сіндрэ Шае – бубны і перкусія

Запіс, звядзенне: Снорэ Бергеруд, Ymir Audio

Майстарынг: Джэймі Гомэз Арэлана, Orgone Studios

Вокладка: Андрэй Давыдчык

Дызайн: Кася Сырамалот

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі