Лявон Вольскі рыхтуе новы альбом
На пласцінку, верагодна, трапяць песні з фільма “Жыве Беларусь!”
“Удзел у фільме [“Жыве Беларусь!” — Еўрарадыё] натхніў мяне на стварэнне новага музычнага альбома. Усё ўжо запісана, цяпер зводзяць гук у Вільні”, — цытуе музыку Polskie Radio.
Паведамляецца, што на новы дыск трапяць дзве песні з саўндтрэка з “Жыве Беларусь!”, у тым ліку, і “Краіны няма” у рок-версіі.
У размове з Еўрарадыё Лявон Вольскі інфармацыю не абверг, але паскардзіўся, што гаварыць нават пра тое, што альбом “запісаны”, яшчэ вельмі рана.
Нагадаем, акрамя пласцінак, выпушчаных у супрацы з музыкамі "Мроі", N.R.M. і "Крамбамбулі", у дыскаграфіі Лявона Вольскага ўжо два сольныя альбомы: "Куплеты і прыпевы" і "Белая яблыня грому". Апошні выйшаў тры года таму.
Двойчы — у 2004-2007 гадах і з 2011 года па цяперашні час — музыка знаходзіцца ў неафіцыйным "чорным спісе" і не можа выступаць у Беларусі.