Малавядомыя факты з жыцця палітвязняў выкладуць у інтэрнэт

Камітэт "Салідарнасць" з 17 чэрвеня пачаў інфармацыйную кампанію салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Працягвацца яна будзе дзевяць тыдняў — па тыдні на кожнага зняволенага. І кожны дзень у сеціва будзе выкладацца новы факт з жыцця. Пра гэта падчас прэзентацыі інфармацыйнага праекта "Салідарнасці" распавяла Іна Кулей.



Іна Кулей: “Гэта цэлы марафон — для таго, каб расказаць пра кожнага палітзняволенага вельмі падрабязна. Паспрабуем знайсці тую струнку, якая будзе цікавая кожнаму чалавеку, і такім чынам зможа спрычыніцца да палітвязня, адчуць патрэбу напісаць яму словы падтрымкі”.



Для таго, каб штодня выкладаць факты з жыцця таго ці іншага палітвязня, арганізатары стварылі адмысловы сайт. Запланаваныя і сустрэчы цікаўных са сваякамі асуджаных. А для таго, каб тыя, хто адчуў у выніку “патрэбу” напісаць некалькі слоў за краты, выдадзеныя адмысловыя паштоўкі.



Першы “Тыдзень салідарнасці” арганізатары вырашылі прысвяціць экс-кандыдату ў прэзідэнты Міколу Статкевічу. З гэтай нагоды сумесна з Інай Кулей у прэзентацыі праекта ўдзельнічае жонка асуджанага палітыка Марына Адамовіч. Жанчына распавяла самыя апошнія навіны ад мужа.



Марына Адамовіч: “Я заўсёды адчуваю, калі з ім нешта не тое адбываецца. Літаральна ў пятніцу-чацвер я адчула нейкую трывогу. У суботу падчас тэлефанавання я ў яго запытала: “Што было ўчора?” Ён кажа: “Учора — усё нармальна!” — “А заўчора?” — “А заўчора так… была чарговая”… Але як толькі ён пачаў гэта казаць, у тэлефоне пачаліся падазроныя шумы, і ён пачаў казаць іншае — каб не перарвалі. Таму, што там у чарговы раз адбываецца, я дакладнай інфармацыі не маю”.



Але, не выключае Марына Адамовіч, на палітыка ізноў пачалі ціснуць з тым, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні.



Адзначым, што гэта ўжо не першая хваля салідарнасці з палітвязнямі. Раней на офісе Партыі БНФ у знак падтрымкі зняволеных палітыкаў праходзілі канцэрты і творчыя вечарыны.



Іна Кулей: “Самыя вялікія чаканні — абудзіць грамадства і ўзнавіць думку пра тое, што Беларусь не з’яўляецца свабоднай і вольнай дзяржавай, што тут і сёння сядзяць людзі за свае перакананні, за тое, каб мы з вамі маглі рыхтаваць дэмакратычную будучыню Беларусі”.



З гэтай нагоды, паводле яе слоў, не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах будуць працаваць каардынацыйныя структуры камітэта “Салідарнасць” — будуць распаўсюджваць інфармацыю пра сам праект “Тыдзень палітвязняў", пра асобныя факты з жыцця зняволеных, а таксама паштоўкі з адрасамі месцаў іх адбыцця пакарання. Плануецца далучыць да гэтай працы праваабаронцаў з “Вясны” ды Беларускага Хельсінкскага камітэта.



Завершыцца акцыя на пачатку верасня. Калі, удакладняе Кулей, да гэтага часу ў краіне не стане на аднаго палітвязня больш — Андрэя Гайдукова.



Беларускія праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 9 чалавек. Гэта былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў, прадпрымальнік, ветэран вайны ў Афганістане Мікалай Аўтуховіч, старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, “анархісты” Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі