Марціновіч: Ствараеш тэкст па-беларуску - будзь упэўнены, што яго заўважаць

120315 MarcinovichS.mp3

Еўрарадыё: У шорт-ліст прэміі Гедройца вас не ўключылі, а прэмію імя Багдановіча вы атрымалі. Ці не пачуваецеся вы расчараваным, ці не думаеце, што атрымалі нейкі заменнік замест сапраўднай прэміі?


Віктар Марціновіч: Відавочна, я быў расчараваны і засмучаны ў сувязі з тым, што не патрапіў у шорт-ліст прэміі Гедройца. Гэта было прыкра мне як аўтару, але я бачыў склад журы, у які ўвайшлі  людзі з неаспрэчнай рэпутацыяй. Я ўспрыняў гэта як канстатацыю таго, што мой тэкст быў недастаткова добры для Гедройца. Нягледзячы на тое, што напрыклад Марыйка Мартысевіч напісала артыкул, з якога вынікала, што тэкст занадта добры, каб быць прынятым літаратурна-крытычным грамадствам. Калі казаць аб’ектыўна, то гэта першы мой тэкст на беларускай мове. Я дагэтуль пішу і размаўляю па-беларуску з памылкамі. Пагадзіцеся, было б дзіўна, калі б аўтар, які дагэтуль робіць памылкі ў допісе ў блогу, увайшоў бы ў шорт-ліст галоўнай празаічнай прэміі краіны. Калі пачнуць даваць прэміі за самакрытычнасць, я думаю, што ўвайду ў шорт-ліст.

Еўрарадыё: Якія вашы творчыя планы? Ці з’явіцца другі раман Вікатара Марціновіча па-беларуску?


Віктар Марціновіч: На жаль, у бліжэйшы час не з’явіцца. Нягледзячы на тое, што мне зрабілі шмат авансаў, і я вельмі ўзрушаны тым, як гэты тэкст быў прыняты, я зрабіў для сябе як для аўтара некалькі сур’ёзных высноваў. Перш за ўсё, я вырашыў, што перад тым, як брацца за наступны тэкст па-беларуску, мне трэба лепш авалодаць мовай, зрабіць яе бездакорнай. На жаль, зараз гэта не так. Нават калі я пішу на Свабодзе, я адчуваю, што мне складана. Таму я прадбачу, што наступны мой тэкст выйдзе па-руску. Аднак я абяцаю, што не буду пакідаць працы над тым, каб зрабіць годны і бездакорны тэкст на беларускай мове.

Еўрарадыё: А калі выйдзе чарговы тэкст па-руску?


Віктар Марціновіч: Усе пісьменнікі працятыя забабонамі і я - у тым ліку. Калі выйдзе наступны тэкст – гэта адзінае пытанне, на якое я не магу адказваць, бо лічу, што калі пра гэта сказаць, то яно не збудзецца. Таму давайце проста пачакаем і паглядзім, што атрымаецца.

Еўрарадыё: Ці адчуваеце вы сябе беларускім пісьменнікам? Ці прыняла вас беларускамоўная тусоўка?


Віктар Марціновіч: Мне падаецца, што гэтай прэміяй я атрымаў пасведчанне таго, што я ўрэшце рэшт прыняты тусай. І я вельмі ўдзячны за тое, што мяне прынялі. Тое, што наступны тэкст выйдзе па-руску, звязана выключна з маім самаадчуваннем у беларускай мове, а не з тым, што я, напрыклад, пакрыўджаны, што мяне не ўключылі ў шорт-ліст прэміі Гедройца. Усё добрае, што са мной магла зрабіць пісьменніцкая тусоўка, яна зрабіла – дала мне літаратурную прэмію імя Багдановіча, прэмію, якую ў мінулым годзе атрымаў Віталь Рыжкоў, самы круты беларускі паэт маёй генерацыі. Па-беларуску пісаць больш класна ў тым сэнсе, што нават калі ты напішаш 10 раманаў па-руску, яны будуць не заўважаныя ў Расіі і тут пройдуць міма ўсіх, бо рускіх кніг ствараецца вельмі шмат. А кожны беларускамоўны раман - гэта падзея, гэта штосьці, што адразу заўважаецца. Таму калі ствараеш тэкст па-беларуску, ты можаш быць упэўнены, што цябе заўважаць. Нават такога небараку ў беларускай мове як я, заўважылі і ў рэшце рэшт узнагародзілі. Таму – пішыце па-беларуску. 

Юлія Цімафеева: “Прайдзісвет” рыхтуе пераклады “Шэрлака Холмса”

120315 CimafeevaS.mp3


Еўрарадыё: Назіраецца дзіўная тэндэнцыя, што перакладаў на беларускую мову больш, чым арыгінальных твораў на беларускай мове. Чаму так атрымліваецца?


Юлія Цімафеева: У параўнанні з усім светам Беларусь маленькая, і літаратура яе не такая вялікая ў параўнанні з сусветнай. А паколькі моладзь зараз больш вучыць замежныя мовы, то ёсць большая магчымасць перакладаць замежных аўтараў. Гэта ўзбагачае і нашу літаратуру таксама, таму што твор напісаны на замежнай мове пра замежныя рэчы, але перакладзены на нашу мову, дадае штосьці да беларускай літаратуры, не варта праводзіць тут нейкую мяжу.

Еўрарадыё: Але чаму на вашую думку ў нас мала вялікіх літаратурных твораў на беларускай мове, чаму няма “Вайны і міра”?


Юлія Цімафеева: Я лічу, што ўсё ў нас будзе. Я думаю, што моладзь чытае і спее да гэтага.

Еўрарадыё: Чаго чакаць ад часопіса “Прайдзісвет” у бліжэйшы час?


Юлія Цімафеева: У гэты момант мы завяршаем падрыхтоўку дзявятага нумара, ён будзе прысвечаны дэтэктыўнай літаратуры. Там будзе, напрыклад, вельмі шмат “Шэрлака Холмса”, будзе Карэл Чапэк і іншыя майстры дэтэктыўнага жанру.

Еўрарадыё: Ва ўсім свеце зараз папулярныя хорары. Ці дойдуць самыя папулярныя з іх да Беларусі?


Юлія Цімафеева: У гэтым нумары іх мабыць не будзе. Але цалкам магчыма, што ў будучыні мы імі зоймемся. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі