Марэк Буцька: Лукашэнка неўзабаве не будзе мець каго высылаць з Беларусі
Былы першы сакратар польскай амбасады ў Мінску распавёў Еўрарадыё, чым можа працягнуцца “дыпламатычная вайнушка” паміж Беларуссю і ЕС.
Еўрарадыё: Рашэнне ЕС па санкцыях было больш лагодным, чым чакалася. Чаму беларускі бок так рэзка адрэагаваў на гэтае рашэнне?
Марэк Буцька: Я думаю, што Лукашэнка, як звычайна, хоча паказаць, што будзе рэагаваць востра і не баіцца ніякіх санкцый Еўрасаюза ды што санкцыі будуць мець адваротны вынік. Чым вастрэйшыя будуць санкцыі, тым больш жорстка будзе рэагаваць Лукашэнка. Ён хоча зрабіць такое ўражанне на краіны Еўрасаюза. З другога боку Аляксандр Лукашэнка ведае, што МЗС-ы краін Еўрасаюза – як і польскае МЗС – не любяць, калі высылаюцца дыпламаты. Яны могуць з многім згаджацца, але на гэта найбольш нервова рэагуюць. Гэта вынікае з бюракратычных прычын, чыноўнікі не любяць пакідаць сваіх пляцовак. Лукашэнку здаецца, што гэта будзе Еўрасаюзу найбольш балюча. Я б не пераацэньваў значэння гэтага здарэння. Я б назваў гэта такой дыпламатычнай “вайнушкай”. Па-першае, амбасадары Еўрасаюза ў такіх умовах, у якіх працуюць на Беларусі, не могуць шмат зрабіць. Я гэта кажу паводле свайго шматгадовага досведу. З практычнага пункту гледжання няшмат змяняецца. Таму я трактаваў бы гэта як сімвалічны жэст.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму выслалі менавіта польскіх дыпламатаў?
Марэк Буцька: Улады Беларусі ясна сказалі, што гэта звязана з выказваннем міністра Сікорскага адносна Беларусі. І гэта рэакцыя адносна краіны, якая актыўна змагалася за правы чалавека ў Беларусі. Польскае МЗС рабіла шмат намаганняў адносна гэтага. Таму Аляксандр Лукашэнка падумаў ударыць у Польшчу, бо тая – найбольш грозны яго праціўнік, калі казаць пра падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі ці намаганні адносна правоў чалавека. Але гэта сімвалічны жэст, і хутчэй гэта не будзе мець практычных вынікаў. Таксама як выезд беларускага амбасадара з Варшавы не мае наогул ніякага практычнага значэння. Гэта добрая навіна, бо мы самі шмат разоў дамагаліся, каб беларускі амбасадар пакінуў Варшаву.
Еўрарадыё: А чаму?
Марэк Буцька: Бо прысутнасць беларускага амбасадара ў Варшаве стварала ўражанне нармальных дыпламатычных адносінаў у такой сітуацыі, калі няма нармальных стасункаў, калі ёсць палітычныя вязні. У такой сітуацыі утрымліваць уражанне нармальных палітычных стасункаў – контрпрадуктыўнае, яно не мае сэнсу. Не можа быць дыпламатычных адносін з такой краінай!
Еўрарадыё: А які будзе адказ Польшчы, што яе дыпламаты высланы з Беларусі “на кансультацыю”, як гэта лагодна сказалі.
Марэк Буцька: Цяперашні лік, кажучы моваю спорту, – 1:1. Еўрасаюз прыняў санкцыі – Лукашэнка адказаў, адсылаючы дыпламатаў. Цікава, ці паўторыцца сітуацыя 2007 года, калі па чарзе адсылаліся чарговыя дыпламаты то аднаго, то другога боку. Цікава, паўторыцца гэты сцэнарый, ці Еўрасаюз падумае, што лік 1:1 і пакуль на гэтым спынімся. Паглядзім, цяжка сказаць. Я пакуль не бачу, што яшчэ істотнае мог бы зрабіць Еўрасаюз ці Польшча ў гэтай сітуацыі апроч таго, каб і далей пашыраць спіс неўязных асобаў і паступова завастраць гаспадарчыя санкцыі. Трэба думаць сур’ёзна, каб увесці гандлёвае эмбарга адносна Беларусі. Гэта настолькі слушная стратэгія, што Лукашэнка неўзабаве не будзе мець каго высылаць з Беларусі. А спіс чыноўнікам, якім забаронена ўязджаць можна пашыраць да бясконцасці. Патэнцыял ЕС нашмат большы за патэнцыял Беларусі, калі казаць пра накладанне санкцый.
Еўрарадыё: Польшча не збіраецца зрабіць зараз ліку 2:1?..
Марэк Буцька: Цяжка сказаць. Гэта сапраўды цяжка прадбачыць у гэты момант. Але я думаю, што сама Польшча не распачне нейкіх незалежных дзеянняў, а гэта будзе скаардынаваная палітыка Еўрапейскага саюза. Рашэнне будзе прынятае не ў Варшаве, а ў Брусэлі.
Еўрарадыё: А што будзе з беларусамі, што хочуць атрымаць візу?
Марэк Буцька: Амбасадар не займаецца выдаваннем віз. Тут праблемы не будзе апроч тых, што ёсць увесь час. Чэргі ў консульстве ў Брэсце гэта найлепшы іх доказ. Але консульства дзейнічае незалежна ад амбасады. Консул на месцы і кансулярныя службы далей працуюць. Кансулярная служба – больш тэхнічная, чым палітычная. У сувязі з гэтым, калі Лукашэнка хоча, каб неяк гэты супраціў між Польшчай і Беларуссю скончыўся, то не будзе адсылаць таксама консулаў. Хаця у мінулую дыпламатычную вайну ў 2005 г. таксама і консул быў адасланы з Мінска.