Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША

Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША

Дональд Трамп і Берні Сандэрс перамаглі на праймерыз у Нью-Хэмпшыры, якія прайшлі 9 лютага і адзначаліся надзвычай высокай яўкай выбаршчыкаў. Трамп, які ідзе ад рэспубліканцаў, набраў 35,2% галасоў. Другое месца нечакана атрымаў губернатар штата Агаё Джон Кейсік — 15,8%. У дэмакратаў большасць галасоў мае сенатар ад Верманта Берні Сандэрс — 60%, пакінуўшы экс-дзяржсакратара Хілары Клінтан далёка за сабой — 38,3%.

Праймерыз (папярэднія выбары) — гэта тып галасавання, падчас якога выбіраецца адзіны кандыдат ад палітычнай партыі, каб падчас асноўных выбараў кандыдаты не “адбіралі” галасы адно ў аднаго, бо іх электарат звычайна блізкі.

Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Берні Сандэрс. Фота: geneticliteracyproject.org

The New York Times адзначае, што Клінтан губляе ў рэйтынгу праз вялікія праблемы з даверам у насельніцтва:

“Паводле дадзеных экзіт-пулаў, сярод выбаршчыкаў, для якіх найбольш важная сумленнасць і надзейнасць кандыдата, 91% прагаласавалі за Сандэрса і толькі 5% аддалі свае галасы за Клінтан”.

Выданне адзначае, што частка патэнцыйнага электарату мае недавер да яе яшчэ з часоў яе дзяржсакратарства.

Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Хілары Клінтан. Фота: nationofchange.org

Іспанская El Pais піша, што вынікі гэтых экзіт-пулаў сведчаць пра выключны характар будучых выбараў. Самыя вялікія рэйтынгі ў іх набіраюць палітыкі крайніх поглядаў:

“Перамога Трампа і Сандэрса — гэта трыумф двух атыповых палітыкаў гэтых партый. Ідэалагічна і па духу яны маюць мала агульнага, але абодва выкарыстоўваюць незадаволенасць народа ў сваіх праграмах. Вынікі Нью-Хэмпшыра паказваюць таксама, што эліты рэспубліканскай і дэмакратычнай партый маюць цяжкасці з тым, каб стрымаць рост папулярнасці радыкальных кандыдатаў”.

Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Дональд Трамп. Фота: Rebecca Cook/Reuters

Усё часцей у СМІ з’яўляецца інфармацыя, што кандыдатам у прэзідэнты ЗША можа стаць мільярдэр і колішні мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг.

“Я абдумваю ўсе варыянты”, — так ён адказаў на пытанне журналіста Financial Times аб магчымасці вылучыць сваю кандыдатуру ў кандыдаты на прэзідэнта.

“Я лічу ўзровень дыскурсу і абмеркаванняў гнятліва банальным і нізкім, — заявіў Блумберг. — Амерыканскае грамадства заслугоўвае нашмат большага”.

Мяркуецца, што ён будзе балатавацца як незалежны кандыдат і сам будзе спансараваць сваю кампанію. Яго патэнцыйным электаратам называюць тых, хто не любіць занадта кансерватыўнага Трампа і сацыяліста Сандэрса, паведамляе ВВС.

Мільярдэр Блумберг можа пайсці кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Майкл Блумберг. Фота: Brendan McDermid/Reuters

Financial Times выказвае меркаванне, што Блумберг не будзе балатавацца, калі ад дэмакратаў будзе вылучаная больш умераная Хілары Клінтан,

“Некаторыя эксперты лічаць, што з’яўленне Блумберга ў прэзідэнцкай гонцы радыкальна паўплывае на вынікі выбараў. Яго кандыдатура можа стаць карыснай для рэспубліканцаў, бо адцягне на сябе дэмакратычны электарат праз сваё ліберальнае гледжанне на пытанні агнястрэльнай зброі і навакольнага асяроддзя”.

Часопіс Forbes ацэньвае фінансавы стан Блумберга ў 36,4 мільярда долараў. Яго палітычная кар’ера вельмі незвычайная. На пасаду мэра Нью-Ёрка ён балатаваўся ад Рэспубліканскай партыі, хоць дагэтуль быў у складзе Дэмакратычнай. Мэрам мегаполіса ён заставаўся да 2013 года, а рэспубліканскую партыю пакінуў у 2007-м.

Праймерыз у Нью-Хэмпшыры сталі другімі ў шэрагу аналагічных мерапрыемстваў у 50 штатах. Наступны этап унутрыпартыйных выбараў у ЗША адбудзецца 20 лютага ў Невадзе. Улетку дэмакраты і рэспубліканцы афіцыйна абвесцяць сваіх кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны. Выбары пройдуць 8 лістапада 2016 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі