Мінаховы здароўя пакуль не будзе пераглядаць правілы продажу лекаў

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Васіля Жарко гучыць жорсткая крытыка пастановы № 66, па якой усе рэцэпты на лекі застаюцца ў аптеках.

“Першае пытанне – гэта па вашых “прадуманых” вялікіх рашэннях па новым парадку водпуску лекаў па рэцэптах з аптэк. Ваша вядомая пастанова, як мне падалося, выклікала цэлую буру эмоцый у нашым грамадстве! Людзі настроеныя вельмі негатыўна”, - кажа Лукашэнка і даручае жэстачайшэ разабрацца з пастановай і навесці парадак.

Начальнік аддзела арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Наталля Малашка ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавядае пра шквал эмацыйных тэлефанаванняў у ведамства – са скаргамі і прэтэнзіямі акурат пасля прыняцця дакумента.

“Пацыентам не падабаецца, што абмежавалі іх свабоду ў выбары лекаў. Кажуць, гэта маё здароўе і мае грошы, я хачу набываць тое, што хачу”, – кажа Наталля Малашка. Пры гэтым спецыяліст заўважае, што спіс безрэцэптурных лекаў не змяніўся, тыя лекі, якія прадаваліся па рэцэпце – так і прадаюцца!

Не толькі міністэрства, але і радавыя супрацоўнікі аптэк церпяць ад пацыентаў.

“Сёння пацыенту выклікалі хуткую, скора выклікаем сабе”, – скардзяцца месяц таму правізары аптэк. Зараз быццам працаваць спакайней. Але трэба больш часу на пацыента, каб растлумачыць новыя правілы.

“І тут няяснасць адна ўзнікла. Зараз медыкі пішуць міжнародную назву. Пацыент прыходзіць у аптэку, а ў нас тры прэпараты з гэтым рэчывам. І ў гэтым выпадку пацыент галасуе рублём, што выбіраць”.

Загадчыца аптэкі РУП “Белфармацыя” № 19 Клаўдзія Іванаўна расказвае Еўрарадыё, што з новымі правіламі звыкліся і аптэкары, і пацыенты.

“Вельмі дапамагла арганізацыя працы ў паліклініках, мы накіроўваем пацыентаў у паліклінікі. Зараз жа можна патрапіць да доктара не толькі па талоне, але проста па запісе. Стала прасцей”, – кажа Клаўдзія Іванаўна. – Нават вусных скаргаў паменшала. А ў кнізе запісаў і прапаноў была ўсяго адна скарга за лістапад. Жанчыне прызначылі ў прыватным медцэнтры цэраксон. Гэта гарманальны прэпарат, але там не было дазіроўкі і было напісана, каб яна звярнулася ў паліклініку для выпіскі рэцэпта. Мы патлумачылі ёй гэта, яна нават да нас жа прыйшла набываць лекі”.

А вось, да прыкладу, у аптэцы № 13, што на праспекце Незалежнасці, правізары нават паказваюць кнігу скаргаў і прапаноў. Апошняя дата скаргі – 15 кастрычніка – за чатыры дні да прыняцця пастановы № 66!

Па словах фармацэўта, не ўсё так ідылічна – пацыенты скардзяцца, вусна абражаюць аптэкараў, крычаць.

У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Еўрарадыё патлумачылі, што адмяняць пастанову № 66 не будуць.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі, начальнік аддзеля пярвічнай меддапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч тлумачыць, чаму небяспечна  самалячэнне сярод пацыентаў. 

“Разгледзім як найбольш запатрабаваную кардыялагічную группу лекаў. Яна прадстаўлена ўсімі магчымымі лекамі для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі без рэцэптаў. Але некаторыя грамадзяне лічаць, што нейкі адзін прэпарат неабходны яму для лячэння, хоць яго выдаюць па рэцэпце. І пацыенты не ўлічваюць, што ёсць шэраг прэпаратаў, якія акрамя кантролю ціску, уплываюць на частату пульса, да прыкладу. І  бескантрольнае прымяненне гэтага прэпарата можа пагоршыць стран пацыента аж да спынення сэрца!”, – тлумачыць Людміла Жылевіч неабходнасць звяртацца да доктара, а не назначаць сабе прэпараты.

Спецыяліст дадае, што цягам аднаго-двух тыдняў ведамства будзе праводзіць яшчэ адзін маніторынг дзеяння пастановы № 66. Пры выяўленні нейкіх дадатковых момантаў, не ўлічаных раней, будуць прымацца рашэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі