Мінчанка, якая пакрыўдзілася на плітку ў суседзяў, дайшла да 25-га суда

У судзе Савецкага раёна Мінска працягваецца эпічная гісторыя супрацьстаяння жыхароў са шматпавярховіка з вуліцы Мірашнічэнкі. У пачатку чэрвеня прайшло ўжо 25-е судовае пасяджэнне.

Гісторыя пачалася ў 2012 годзе, калі пенсіянерка Зоя Быцко падчас рамонту паклала на падлогу плітку. Пры гэтым яна атрымала дазвол з ЖЭСа. Праўда, той жа самы ЖЭС праз нейкі час сам падаў на Быцко ў суд, маўляў, плітку паклала незаконна.

Камунальнікі змянілі меркаванне з-за таго, што Вольга Х., якая жыве на паверх ніжэй за Быцко, аказалася па-сапраўднаму ўпартай і няспыннай. Яна палічыла, што з-за пакладзенай у суседкі пліткі і ў яе кватэры стала больш шумоў. Таму Вольга Х. пачала пісаць скаргі ў розныя інстанцыі ды падаваць у суды. І, хоць экспертызы ды камісіі не выявілі таго, што з-за пліткі пагоршылася шумаізаляцыя, гэта не ўратавала ад шматлікіх судовых пасяджэнняў.

Зоя Быцко скардзіцца, што суды моцна пахіснулі яе здароўе

Новыя разбіральніцтвы, якія стартавалі з пачатку чэрвеня, пачаліся са звароту, які Быцко напісала на імя пракурора Савецкага раёна Мінска.

Яго я прасіла агарадзіць мяне ад суседчынага пераследавання, якое выражаецца ў судовых ісках. Прасіла забяспечыць спакойнае пражыванне. Таксама я напісала, што былі звесткі пра тое, што Вольга Х. лячылася ў клініцы на Бехцерава (псіхіятрычны дыспансер, — Еўрарадыё). І хто яе паставіў у вядомасць наконт гэтага звароту, я не ведаю”, — уздыхае Зоя Быцко, хоць і перакананая ў сваёй перамозе. Адвакат, як яна пераконвае, знайшла зафіксаваныя словы Вольгі Х. з ранейшых судовых пасяджэнняў, дзе тая прызналася пра візіты ва ўзгаданую клініку.

Да таго ж, я ёй у тым звароце дыягназаў не выстаўляла, яны бываюць розныя, публічна пра свае здагадкі не расказвала. А проста звярталася да пракурора, каб абараніць свае правы”, — крыўдзіцца Быцко на праваахоўнікаў.

Тым часам жарсці ў скандальным пад'ездзе на Мірашнічэнкі распаліліся яшчэ больш. З’явіліся чуткі пра тое, што Вольга Х. увесь час нечага дабіваецца ў аддзеле па абароне дзяржаўных сакрэтаў сталічнай міліцыі. Абмяркоўваюцца і фантастычныя версіі пра тое, што некаторых жыхароў могуць праверыць наконт "сувязяў з ЦРУ".

Аднак ва ўзгаданым аддзеле ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё тлумачаць, што ў прынцыпе іх падраздзяленне ўяўляе з сябе звычайную канцылярыю, да якой “дадалі трошкі сакрэткі”.

Аднак Вольга Х. шэсць скаргаў ужо ў гэтым годзе напісала”, — падлічваюць у падраздзяленні.

Папярэдні матэрыял пра канфлікт з-за пліткі выйшаў у пачатку красавіка і выклікаў рэзананс. Паводле водгукаў на розных форумах, многія сапраўды сутыкаюцца з дыскамфортам пасля рамонтаў у суседзяў. Не менш і такіх людзей, жыццё якіх атручана з-за тых, што бясконца скардзяцца ва ўсе магчымыя інстанцыі. Але пакараць такіх мсціўцаў паводле беларускіх законаў складана. Сёлета у закон “Аб звароце грамадзян” унясуць змены. Скаржнікаў, якія падаюць хлуслівыя звесткі, нібыта, будуць караць. Але паспрабуй даказаць, што чалавек наўмысна змяшчае ў зваротах хлусню!

Звяртаемся ў Вярхоўны суд, каб там патлумачылі, ці дае наша судовая сістэма нейкія магчымасці, каб абараніцца ад суседзяў-скаржнікаў. Аднак у ведамстве увагу акцэнтуюць на тым, што да кожнага грамадзяніна ў іх раўнапраўны падыход і неперадузятае стаўленне. Таму ўсе маюць права звяртацца са скаргамі і зваротамі.

Людзі рэалізуюць сваё права, якое дадзена законам. Яны могуць гэта рабіць у межах, якія дае закон”, — кажа прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

Статыстыкі, якая б сведчыла пра судовыя пакаранні скаржнікаў, не вядзецца. Аднак гісторыя супрацьстаяння Зоі Быцко і Вольгі Х. яскрава паказвае праблему і магчымую недасканаласць нашых законаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі