Міністр адукацыі распавёў, якія змены чакаюць школы, каледжы і ВНУ
Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка ў інтэрв’ю для праграмы “Контуры” анансаваў сур’ёзныя змены ў сістэме адукацыі. Каротка перакажам, пра што распавёў міністр:
— экзамены за 11-ы клас зробяць падобнымі да ўступных іспытаў. Ці наадварот, уступныя іспыты — падобнымі да школьных экзаменаў. Міністра не задавальняе, што чатыры экзамены, якія здаюць выпускнікі 11-х класаў, “праводзяцца ў зусім іншай форме, чым уступная кампанія ў ВНУ”. Змены чакаюцца цягам 1-2 гадоў;
— да 1 верасня 2019 года выдадуць яшчэ 73 новых школьныя падручнікі, “і мы завершым, фактычна, выданне лінейкі падручнікаў для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі”;
— школьных настаўнікаў, якія, як далікатна заўважыў Карпенка, “не ў поўнай меры” могуць выкладаць па новых праграмах, будуць адпраўляць на павышэнне кваліфікацыі;
— рыхтуецца пераход вышэйшай адукацыі “на нацыянальную рамку кваліфікацый”, якая будзе фарміравацца “канкрэтнымі суб’ектамі гаспадарання пад эгідай Міністэрства працы”. Яны будуць вызначаць, якія спецыялісты ім патрэбныя, і пад гэтыя запыты Мінадукацыі будзе “разварочваць адукацыйны стандарт” і “з тым, хто замовіў, кадры, карэктаваць праграму пад патрэбы канкрэтнага прадпрыемства”;
— замест каледжаў і ліцэяў у Беларусі з’явяцца “прафесійныя каледжы”, абсталяваныя “па апошнім слове тэхнікі”. Там можна будзе атрымаць і сярэдне-спецыяльную, і прафесійна-тэхнічную адукацыю. Іх створаць у 43 “рэсурсных цэнтрах” (напрыклад, у Оршы і ў Дзяржынскім раёне на базе станцыі “Волма”) “пад патрэбы эканомікі”. Займацца там змогуць навучэнцы з розных установаў адукацыі.
Ігар Карпенка даў інтэрв’ю “Контурам” адразу пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, на якой абмяркоўвалася сістэма адукацыі. Там кіраўнік Беларусі зрабіў некалькі гучных заяваў — напрыклад, наконт таго, што ў краіне трэба рыхтаваць менш матэматыкаў, а палову школьнага курса біялогіі займаюць чарвякі.