Міністр пра лекі для двухгадовай Веры Званько: "Спінраза" не дае 100%-га эфекту
"Прызначэнне прэпарату, не зарэгістраванага ў Беларусі, і накіраванне за мяжу на лячэнне вызначае кансіліюм спецыялістаў", — так міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пракаментаваў сітуацыю з двухгадовай Верай Званько. Дзяўчынка хворная на спінальную мышачную атрафію. У Беларусі яе лячэнне немагчымае.
Бацькі настойвалі, каб Мінздароўя накіравала дачку на лячэнне за мяжой. Яны мяркуюць, што дапамагчы ёй можа прэпарат Spinraza, гадавы курс якога каштуе 700 тысяч еўра. У Беларусі гэтыя лекі не зарэгістраваныя, выкарыстоўваць іх нельга.
Аднак Мінздароўя адмаўляецца накіроўваць дзіця на замежнае лячэнне. Бацькам прапаноўваюць набыць лекі самастойна. Суды супраць міністэрства бацькі Веры прайгралі.
Каментуючы сітуацыю для журналістаў, Уладзімір Каранік падкрэсліў, што высновы спецыялістаў па "Спінразе" былі неадназначнымі і прэпарат не гарантуе 100-адсоткавы эфект.
Ён патлумачыў, што зварот па рэгістрацыі "Спінразы" ў Беларусь не паступаў. Калі фірма-вытворца звернецца па рэгістрацыю, перашкодаў ёй не будзе, запэўнівае міністр. Таксама прэпарат можна будзе прызначаць, калі ён будзе зарэгістраваны ў Расіі — гэта дамушчальна па нормах Еўразійскай эканамічнай камісіі.
На думку чыноўніка, вытворца не ідзе ў Беларусь, бо для яго гэта эканамічна немэтазгодна — тут занадта малы рынак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.