Мінская кніжная выстава: "Кіеў капут" і каравай са Скарынам (фота)

Мінская кніжная выстава: "Кіеў капут" і каравай са Скарынам (фота)

XXIII Міжнародная мінская кніжная выстава адкрылася 10 лютага ў павільёне "Белэкспа". Сёлета тут прадстаўленыя 29 краін. Кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч прэзентуе расійскае выдавецтва "Время".

Мінская кніжная выстава: "Кіеў капут" і каравай са Скарынам (фота)

"Святлана Алексіевіч — гэта для мяне не адкрыццё, яе кнігі я чытала ў студэнцтве. Тэмы, звязаныя з Чарнобыльскай трагедыяй, з Афганістанам, — гэта балючыя тэмы. У маёй памяці захаваўся эпізод, калі ў вёску, дзе я жыла, прывозілі цынкавую труну. І гэта накладалася на тое, што потым чыталася. Сказаць, што я ў вельмі вялікім захапленні менавіта ад мастацкага слова, то не... Мне падабаецца крыху іншая проза. Можа, больш лірычная, можа, больш цёплая. Але гэта тое, што я прымаю. У беларускай літаратуры гэта ёсць, і гэта добра", — выказваецца пра Алексіевіч у адказ на пытанне Еўрарадыё міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

 

Мінская кніжная выстава: "Кіеў капут" і каравай са Скарынам (фота)

Разам з міністрам выставу глядзіць старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. З апошніх прачытаных беларускіх аўтараў чыноўнік называе Івана Шамякіна.

"Я па-новаму адкрыў для сябе, як ні дзіўна, Шамякіна. Можа, таму, што юбілейны год, я палез крыху ў гісторыю. І тыя творы, якія чыталіся ў юнацтве, сёння ўспрымаюцца па-іншаму".

Агулам на выставе больш за 300 выдаўцоў. Каля стэнда дзяржаўных выданняў "Мастацкая літаратура", "Адукацыя і выхаванне" стаяць дзяўчаты ў вышыванках перад караваем з бібліяй Скарыны. 

На гэтым жа стэндзе шмат школьнікаў рознага ўзросту, прыйшлі цэнтралізавана, з настаўніцамі.

Ажыятаж і каля стэнда амбасады ЗША ў Мінску, тут робяць сэлфі з кардонным Баракам Абамам і гуляюць у адукацыйныя віктарыны.

"Я набыла сабе кнігу Тэры Пратчэта "Злодзей часу". Цяпер проста гляджу. Усяго тут хапае, здаецца", — кажа наведніца Дар'я.

Яе сяброўцы Вользе не хапае замежнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.

"Пакуль нічога не набыла. Прыемна бачыць, што ёсць шмат кніг на беларускай мове. Хацелася б больш кніг у беларускім перакладзе".

Сапраўды, кніг па-беларуску сёлета шмат. На шведскім стэндзе знаходзім дзіцячыя казкі ў перакладзе са шведскай мовы. 

Ёсць дзіцячая літаратура па-беларуску і на агульным стэндзе дзяржаўных выданняў.

З незалежных выдавецтваў знаходзім "Галіяфы", Arche, "Тэхналогію" і выдаўца Змітра Коласа. Ля іх невялікіх стэндаў увесь час ёсць людзі.

На ніжнім, не асноўным, паверсе, каля гардэроба — расійскае выдавецтва "Центрполиграф" прадае кнігу Эдуарда Лімонава "Кіеў капут". Каштуе 70 тысяч.

У ёй аўтар, які скептычна ставіцца да сённяшніх украінскіх уладаў, апісвае свой погляд на вайну на Данбасе і ўкраінскі Майдан. Тут жа прадаюць кнігі "Бітва за Данбас" і "Бітва за Адэсу", але гэта ўжо пра Другую сусветную вайну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі