Мінскіх школьнікаў прымусілі заплаціць за ўдзел у ідэалагічным мерапрыемстве
Старшакласнікам мінскай школы №47 арганізавалі ідэалагічнае мерапрыемства "Беларусь — мая любоў!" з платным уваходам.
Як піша rebenok.by, мерапрыемства адбылося 20 студзеня ў актавай зале школы. Запрасілі на яго вучняў 9-11 класаў. Уваход каштаваў 5 рублёў з чалавека. У перапісцы педсаставу гаварылася, што ад кожнага класа павінна быць абавязкова па 5-7 дзяцей, а астатнія — па жаданні.
Дырэктарка школы Людміла Скарабагатава патлумачыла журналістам, што ў рамках інфармацыйнай гадзіны дзецям паказалі 3D-фільм пра Беларусь. Назву фільма дырэктарка не ўзгадала, але запэўніла, што сужка была без палітычнага падтэксту.
"Паказалі беларускія славутасці, гісторыю, кадры аб памяці, гонары і годнасці беларусаў. Вырашылі паказаць дзецям, у якой краіне выдатнай яны жывуць. Я ніколькі не раскайваюся ў тым, што яны паглядзелі гэты фільм. Я б яшчэ 50 разоў яго паказала. Перш за ўсё — дарослым, яны не ведаюць пра сваю краіну столькі цікавага, колькі сёння даведаліся дзеці. І вучням вельмі спадабалася, яны не пашкадавалі", — заяўляе Скарабагатава.
Збор грошай яна патлумачыла неабходнасцю заплаціць за спецыяльную тэхніу, на якой паказвалася стужка: "Нам прывезлі фільм са спецыяльнай тэхнікай, выкарыстоўваліся 3D-акуляры, цёмны купал і іншыя эфекты. Я паведаміла бацькам, што гэта не мы паказваем фільм на нашым школьным праектары".
Дырэктарка абвергла інфармацыю, што класных кіраўнікоў абавязалі забяспечыць яўку школьнікаў на пагляд. Па яе словах прагляд быў толькі для ахвочых. Бацькам, якія тэлефанавалі, дырэктарка, па яе словах, тлумачыла: "Калі нешта не падабаецца, вы не згодныя, хай ваша дзіця застаецца ў класе і працуе на інфагадзіне па планах класнага кіраўніка".
Дарэчы, шмат хто з бацькоў цяпер насцярожана ставіцца да ідэалагічнай працы ў школе. Многім не падабаецца, што на школьных мерапрыемствах бэсцяць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, называючы яго фашысцкім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.