Моцны вецер у Віцебску пагасіў вечны агонь
У Віцебску каля помніка савецкім воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам моцны вецер пагасіў вечны агонь, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Калі дакладна згас агонь каля помніка, які ў народзе называюць "Тры штыкі", не вядома. Найбольш моцны вецер у Віцебску быў у суботу, 21 красавіка: тады хуткасць ветру пры парывах дасягала 21 метра за секунду.
Дарэчы, у суботу шквалісты вецер паваліў у Віцебску некалькі дрэў, пашкодзіў агароджы будаўнічых пляцовак, рэкламныя шчыты ды іншыя збудаванні.
Дарэчы, вечны агонь каля "Трох штыкоў" у Віцебску гасне не першы раз. Такія выпадкі былі зафіксаваныя, напрыклад, у 2012 і 2013 гадах.