Моўныя школы Мінска адкрываюць “курсы палякаў”

У адну са школ званю пад выглядам кліента. Сказаць, што з польскімі каранямі ў мяне праблема і нават не ведаю, як выглядае сцяг заходняй суседкі, не паспяваю – мне адразу расказваюць падрабязнасці пра расклад курсаў і іх кошт.

“Курс працягваецца тры месяцы, заняткі тройчы на тыдзень, па 90 хвілін. Выкладчык рыхтуе па ўсім – па вуснай мове, па сумоўі – прапрацоўваюцца адказы на ўсе пытанні па карце паляка. Каштуе праграма 2 мільёны 400 тысяч”.

Жадаючых шмат, таму малады дзявочы голас з іншага боку слухаўкі раіць мне паспяшацца. Пытанне пра адносна высокі кошт курсаў (год таму прыкладна столькі ж я заплаціў за цэлы год заняткаў англійскай мовай) застаецца без адказу. Затое мяне запэўніваюць, што станоўчы вынік амаль гарантаваны.

“Большасць атрымлівае карты. З таго, што мы ведаем, прынамсі. Пасля нашага курса ёсць неабходныя навыкі. Моўныя ў тым ліку – без гэтага не пройдзеш. Дакументаў мы ніякіх не патрабуем – гэта толькі пасольства”.

Мінчанка Соф’я на курсы палякаў не хадзіла – з каранямі ў яе ўсё як трэба, мову вывучыла самастойна. Таму карту паляка атрымала без праблем. Але, яна расказвае, што на сумоўі ў амбасадзе была хутчэй выключэннем. Большасць жадаючых атрымаць “карту паляка” беларусаў нават не ведаюць, хто такі Ян Павел ІІ.

“Я была ў шоку ад таго, што толькі чалавек дзесяць з трыццаці былі неяк падрыхтаваныя. Рэшта нават не ведала, хто такі Ян Павел ІІ”.

Соф’я гаворыць, што палякаў з беларусаў робяць не ў адной толькі моўнай школе. Аказваецца, такі бізнэс у Мінску набірае абароты!

“Знаёмы хлопец польскай мовы не ведаў зусім. Нуль. Запісаўся на курсы: тры месяцы двойчы на тыдзень. Дык там насамрэч мэтанакіравана вядуць да атрымання карты паляка. Пасля гэтых курсаў ён крок улева, крок управа – ні слова не мог сказаць па-польску. А карту атрымаў”.

Тым часам па звестках на пачатак года, Польшча выдала ўжо сто тысяч карт паляка. 42 тысячы з іх атрымалі грамадзяне Беларусі.

Фота koulikov.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі