Мужчыну праламалі чэрап, а яго крыўдзіцель нават не заплаціў штраф

Гэты выпадак здарыўся ў Барысаве 2,5 гады таму. Калі б не трагічныя акалічнасці, то аб працы мясцовых следчых можна было б распавядаць анекдоты.

Праграміст-тэхнолаг Андрэй Голубеў (на той момант яму было 35) прыехаў з Масквы ў Барысаў 3 ліпеня 2012 года, каб адведаць маці. У той дзень адзначалі Дзень рэспублікі. Надвячоркам Андрэй выйшаў з пад’езда, каб пафатаграфаваць вуліцу Ватуціна, дзе ён вырас.

“І тут да пад’езда прыехаў сусед (на той момант Сяргею А. было 22 гады), падышоў. Пачаў несці абсалютныя дурноты, размаўляць пра нейкія грошы. Прасцей кажучы, гэта быў звычайны неабгрунтаваны дваровы наезд. Звычайнае хамства, калі да чалавека хочуць проста прычапіцца, — узгадвае пра нешчаслівыя для сябе падзеі Адрэй Голубеў. — Іх сям’я і нас, і многіх іншых суседзяў ненавідзіць люта і ўжо даўно. Яны пераехалі ў наш дом гадоў сем таму, прыўнеслі да нас лад свайго заводскага інтэрната: крыкі, песні, піва. Захацеў — нагадзіў, і слова не скажы. Нехта маўчаў, а мая маці  чалавек прынцыповы, рабіла заўвагі, хоць і без скандалаў. Іх непрыязнае стаўленне перакінулася і на мяне”.

Як распавядае Андрэй Голубеў, ён груба ў вуснай форме адказаў на прэтэнзіі маладога суседа. А праз некалькі хвілін той выйшаў з пад’езда ўжо з айчымам.

“Я пра яго ўжо і забыўся. Пакорпаўся з фотаапаратам, пагутарыў па тэлефоне. Ужо стаяў на дарозе, бо збіраўся сыходзіць, — працягвае Андрэй Голубеў. — А ён зноўку падбег да мяне з тымі ж наездамі. Айчым стаў непадалёк. Я на іх толкам нават не глядзеў. Не быў гатовы да бойкі, стаяў абсалютна расслаблены. Усё здарылася нечакана. Паляцеў ўдар, а пасля…правал.

Еўрарадыё: Ці былі ўдары з боку айчыма Сяргея А.?

Андрэй Голубеў: Гэтага ўзгадаць я не магу.

Збіццё Андрэя Голубева, паводле яго слоў, здарылася на гэтай дарозе

Наступствы канфлікту: часткова страчаны слых, не чуе пахаў, з цяжкасцю адрознівае салодкае ад салёнага

Пасля ўдараў і падзення мужчына атрымаў пералом чэрапа. Як кажуць, урачы змагаліся за яго жыццё.

“Суседка з трэцяга паверху прыбягае: “Вольга, Андрэй кроўю сплывае!” Я сама адпрацавала на “хуткай” 14 гадоў, і калі сына ўбачыла, адразу зразумела, што ў яго адкрытая чэрапна-мазгавая траўма. Цякла кроў з носу, роту, вуха, ён быў без прытомнасці, — распавядае Еўрарадыё Вольга Голубева, маці пацярпелага. — У бальніцы яму зрабілі рэнтгенаграфію. Я націснула, каб яго адразу везлі на тамаграфію галавы. Аказалася, ў Андрэя тры пераломы, разрывы барабаннай перапонкі, слыхавога нерву, пералом піраміды скроневай косткі і іншыя траўмы. Вельмі пашчасціла, што ў яго не ўтварылася гематома. Як пазней патлумачыў урач-неўролаг, ад смерці сына ўратавалі лічаныя міліметры. Таксама ён мог увогуле не размаўляць, не чуць, не рухацца”.

Андрэй Голубеў змог у нейкай ступені ўзнавіцца ды вярнуцца на працу. Але нават праз гады пасля здарэння ён амаль не чуе на левае вуха, не адчувае пахаў і з цяжкасцю можа адрозніваць салёнае ад салодкага. Хапае і іншых сур’ёзных праблем са здароўем. Да таго ж, на лячэнне ды пастаянныя пераезды з Расіі ў Беларусь сышлі тысячы і тысячы долараў.

Паўстае грунтоўнае пытанне: хто адказаў за бяду, якая здарылася з мужчынам? Вось тут пачаліся цікавосткі.

Праз гады пасля здарэння Андрэй так і не змог цалкам узнавіцца

Маці пацярпелага: “У бальніцы прозвішча сына замянілі з Голубева на Галубец”

Праверку па факце здарэння даручылі…участковаму міліцыянеру. У выніку ў Барысаўскім гараддзеле ўнутраных спраў высветлілі, што Голубеў вінаваты сам. Паводле міліцэйскай версіі, пацярпелы сам схапіў Сяргея А. за горла, а той у сваю чаргу нанёс удар, бо абараняўся. Пацярпелы сам зрабіў два крокі назад, зачапіўся за бардзюр, упаў, стукнуўшыся аб асфальт. Такі вось паварот.

Вольга Голубева кажа, што з самага пачатку заўважыла ў дзеяннях участковага неаб’ектыўнасць. Па яе словах, на месцы здарэння аператыўнікі з’явіліся толькі на наступны дзень. Яе саму участковы ўвогуле не дапытваў, нікога з відавочцаў бойкі так і не знайшлі.

“Больш за тое, калі я пайшла ў бальніцу, каб забраць дыск з тамаграфіяй, то аказалася, што было змененае сынава прозвішча. Ён стаў не Голубеў А.А., а Галубец А.Л., — апісвае маці пацярпелага дзіўныя акалічнасці міліцэйскай праверкі. — Тады лабаранта прымусілі знайсці накіраванне на тамаграфію, і там прыгожым почыркам было напісана “Голубеў”. Як можна было памыліцца? Суседзі бачылі, як адразу пасля таго, як “хуткая” забрала сына, Сяргей А., яго айчым і маці ўскочылі ў сваю машыну і некуды з’ехалі. Хадзілі размовы, што ў праваахоўных органах некалі працаваў іх высокапастаўлены сваяк. Але гэта застаецца на ўзроўні чутак”.

Пасля шматлікіх скаргаў Барысаўскі раённы аддзел следчага камітэта ўсё ж распачаў вытворчасць па крымінальнай справе. Здарылася гэта толькі праз паўгода пасля здарэння. Але замест артыкула 147 крымінальнага кодэкса (“Наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”) справу перакваліфікавалі на артыкул 155 (“Прычыненне цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці”). У першым выпадку агрэсіўнаму суседу пагражала б як мінімум ад чатырох гадоў пазбаўлення волі. У другім — штраф, непрацяглы арышт альбо “хімія” (пры найгоршым раскладзе). Але і такі варыянт крымінальнай справы спынілі “з-за адсутнасці складу злачынства”.

І можна было б паверыць у версію следства, калі б не знайшоўся адзіны сведка здарэння. У чалавеку, які наносіў удары, ён пазнаў таго самага Сяргея А., з якім некалі разам працаваў на адным прадпрыемстве.

“Я бачыў, што А. нешта казаў Голубеву і жэстыкуляваў. Голубеў, схіліўшы галаву, ківаў. Калі я знаходзіўся каля апошняга пад’езда дома, то ўбачыў, што А. нанёс прамы ўдар Голубеву ў вобласць сківіцы. Я бачыў усяго адзін удар, ад якога Голубеў упаў на спіну”, — прыводзім вытрымку з пратаколу допыту сведкі.

Але і пасля гэтых сведчанняў падазраваны пазбегнуў хоць якога-небудзь пакарання. Аказалася, што паводле артыкула 155, тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці складае два гады. А цяганіна ў следчых органах Барысава прывяла да таго, што расследаваць злачынства за два гады не паспелі. Сусед за свой удар не сплаціў ні рубля штрафу.

Андрэй Голубеў і яго маці працягвалі пісаць скаргі. У канцы верасня гэтага года Пракуратура Мінскай вобласці паведаміла, што крымінальная справа зноў прынятая да вытворчасці. Праўда, следства вядуць у тым жа Барысаўскім РАСКу і па тым жа ліберальным 155-ым артыкуле крымінальнага кодэкса.

Выслухаць версію Сяргея А., які наносіў удар Голубеву, Еўрарадыё не змагло. Дамафон у яго кватэры не працуе, тэлефонную слухаўку не здымаюць ні днём, ні раніцай, ні ўвечары. Выйсці на падазраванага мы паспрабавалі праз яго сяброў у сацыяльных сетках. Але, мяркуючы па ўсім, жадання размаўляць з журналістам Сяргей А. не выяўляе.

У Следчы камітэт і Генпракуратуру Еўрарадыё накіравала запыты наконт таго, ці былі нейкім чынам пакараныя супрацоўнікі барысаўскай міліцыі, якія дапусцілі цяганіну (а гэта прызнаны пракуратурай факт). А таксама, ці займаюць па-ранейшаму свае пасады барысаўскія “шэрлакі холмсы”, якія так доўга расследавалі здавалася б не самую складаную крымінальную справу.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гісторыі. Мы па-ранейшаму гатовыя выслухаць усе зацікаўленыя бакі ([email protected]).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі