"Мы хочам паставіць тлустую кропку ў пытанні адмены смяротнага пакарання"
Стартаваў праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Яго мерапрыемствы з 5 па 10 кастрычніка праходзяць у Літве, Польшчы, Украіне і Казахстане. Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" пройдзе 10 кастрычніка ў Мінску. Падрабязней пра гэтую падзею Еўрарадыё пагутарыла з каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэем Палудай.
Еўрарадыё: Распавядзіце, навошта патрэбнае такое мерапрыемства?
Андрэй Палуда: Спачатку трэба сказаць, што Беларусь — гэта апошняя краіна ў Еўропе на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся такі від пакарання, як смяротнае. Ужо з 2009 года распачала сваю дзейнасць кампанія, якая называецца “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, мэты якой — гэта ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку, а потым увогуле паставіць тлустую кропку ў гэтым дрэнным пытанні.
Еўрарадыё: Чаму мерапрыемствы, якія адбываюцца ў межах гэтага тыдня ў асноўным адбываюцца па-за Беларуссю?
Андрэй Палуда: Трэба адзначыць, што Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які мы ладзім ужо трэці год запар, а ідэя яго правядзення ўзнікла ў сувязі з тым, што тыя мерапрыемствы, якія мы планавалі з рознымі праваабарончымі арганізацыямі, рознымі ініцыятывамі, яны ўжо не змяшчаліся ў адзін дзень, 10 кастычніка — Міжнародны дзень супраць смяротнага пакараня, і мы вырашылі зрабіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Але цяпер таксама мы ўжо адчулі патрэбу пашырыць геаграфічна мерапрыемствы такога кшталту, для таго, каб больш падключаліся тыя краіны, якія з'яўляюцца нашымі суседзямі, з якімі мы падтрымліваем стасункі, краіны ў якіх ёсць нашы калегі, а таксама людзі, якія падтрымліваюць ідэю руху адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце.
Еўрарадыё: Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд з нагоды вызвалення 6 палітычных зняволеных у Беларусі заклікаў аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне, што прывядзе Беларусь "бліжэй да еўрапейскай дэмакратычнай сям’і. Чаму беларускія ўлады яшчэ гэтага не зрабілі? Можа, проста беларускае грамадства не гатовае да гэтага?
Андрэй Палуда: У першую чаргу, мне падаецца, што не гатовыя самі ўлады, пра што неаднаразова можна было пачуць з высокіх трыбун.
Сапраўды, калі глядзець на лічбы сацыялагічных апытанняў, то можна сказаць пра тое, што ўсё ж такі большасць грамадзян у нашай краіне падтрымлівае смяротнае пакаранне. Але гэта ўжо не такая большасць, пра якую мы маглі казаць па выніках рэферэндуму 1996 года. Тым не менш, большасць гэтая ёсць. Але вырашэнне пытання смяротнага пакарання знаходзіцца ў складанай эмацыйнай плоскасці і ў тых краінах, у якіх на сённяшні дзень смяротнае пакаранне ўжо адмененае, таксама сацыялагічнае апытанне паказвае, што большасць людзей магла б выступаць за смяротнае пакаранне. Таму ў большай ступені гэта мусіць быць палітычны крок, які можа быць зроблены нашымі ўладамі, нават калі ён не будзе папулярным крокам. Бо наяўнасць смяротнага пакарання ў нашым грамадстве павышае ўзровень жорсткасці.
Еўрарадыё: У Чарнігаве вы распавядалі, што беларускае грамадства вельмі павольна пачынае цікавіцца гэтай тэмай? Але ці павялічваецца цікавасць да гэтага пытання і як вы прыцягваеце ўвагу да тэмы смяротнага пакарання ў Беларусі?
Андрэй Палуда: Калі мы распачыналі кампанію супраць смяротнага пакарання, трэба сказаць, што ніякай цікаўнасці як з богу грамадства, так і з боку СМІ не было. На сённяшні дзень намаганнямі нашай кампаніі і людзей, для якіх гэтая праблема з'яўляецца дастаткова сур'ёзнай, мы бачым, што гэтая цікаўнасць павысілася.