“Мы яго пераконвалі-пераконвалі…” Гісторыя пра адхіленага суддзю Вярхоўнага суда
Звольнены з Вярхоўнага суда Мікалай Бабкоў быў сапраўдным магільшчыкам беларускіх партый і грамадскіх аб’яднанняў. Спачатку Міністэрства юстыцыі адмаўляла ім у рэгістрацыі, а пасля Бабкоў год за годам адхіляў іх скаргі. У 2007 годзе так адбылося з Саюзам левых партый, у 2011-м з "Гавары праўду". А ў 2017 годзе цяпер ужо былы суддзя адхіліў скаргу АГП на пісьмовае папярэджанне Мінюста.
У 2014 годзе колішні суддзя Канстытуцыйнага суда, юрыст Міхаіл Пастухоў спрабаваў зарэгістраваць у Беларусі праваабарончую арганізацыю “Пакт”. Яна мусіла абараняць правы людзей, якія звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека.
“Нас было больш за 50 чалавек, а калі больш дакладна — 59. І мы вырашылі дамагчыся, каб Беларусь выконвала свае абавязкі і лічылася з рашэннямі Камітэта ААН па правах чалавека”, — распавядае Еўрарадыё Міхаіл Пастухоў.
Міністэрства юстыцыі прадказальна адмовіла “Пакту” ў рэгістрацыі.
“Не зарэгістравалі нас па абсалютна фармальных падставах, — працягвае Пастухоў. — У аднаго з заснавальнікаў недакладна быў указаны тэлефон, а яшчэ ў аднаго — нумар кватэры. Гэта здарылася, бо тэкст з рукапісных аркушаў перанабіралі. А яны ўзялі, і ўсе гэтыя дробязі праверылі”.
“Пакт” абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. Справа трапіла да Мікалая Бабкова.
“Мы яго пераконвалі-пераконвалі, што рашэнне Мінюста — незаконнае… Прыводзілі шмат аргументаў, спасылаліся і на нашае заканадаўства, і на міжнароднае, — прыгадвае Пастухоў. — Але Бабкоў усіх уважліва паслухаў і вынес “правільнае” рашэнне — у нашай скарзе адмовіць. Пасля мы з супрацоўнікамі суда размаўлялі, яны разводзілі рукамі: ну вы ж разумееце…”
На гэты момант Камітэт ААН па правах чалавека вынес 104 рашэнні супраць беларускай дзяржавы — на карысць грамадзян краіны. Адзін з такіх грамадзян — сам Міхаіл Пастухоў, які здолеў даказаць у міжнароднай структуры, што быў адхілены ад пасады суддзі незаконна. Але Беларусь, хаця і з’яўляецца адной з краін-заснавальніц ААН, рашэнні Камітэта па правах чалавека не выконвае.
На думку Міхаіла Пастухова, фармулёўка "за правіну, несумяшчальную са знаходжаннем на дзяржаўнай службе", з якой звольнілі Бабкова, сведчыць пра нейкае сур’ёзнае здарэнне — “на мяжы дысцыплінарнага парушэння і крымінальнага злачынства”. “Суддзі Вярхоўнага суда знаходзяцца на асобым рахунку і могуць разлічваць на адносную абарону дзяржавы, якой служылі. Таму могуць прыкрыцца такой фармулёўкай — учынак, несумяшчальны са статусам суддзі”, — падсумоўвае колішні суддзя Канстытуцыйнага суда.