МЗС РФ: Захад спрабуе "перакрыць" інфармацыю пра замах на Лукашэнку

Марыя Захарава / Reuters
Марыя Захарава / Reuters

Заявы Прагі пра датычнасць расійскіх спецслужбаў да выбухаў складоў са зброяй у 2014 годзе і пра высылку 18 расійскіх дыпламатаў у МЗС Расіі лічаць спробай Захаду "перакрыць" інфармацыю пра замах на Лукашэнку. З такой заявай выступіла ў эфіры тэлеканала "Расія-1" афіцыйны прадстаўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава.

"Складваецца абсалютнае адчуванне, а яно падмацаванае, сапраўды, фактычным матэрыялам, што ў інфармацыйнай прасторы, у першую чаргу, заходняй, трэба было нашым заходнім партнёрам зрабіць так, каб перакрыць важнасць і актуальнасць той інфармацыі, якая была апублікаваная як з боку РФ, так з боку Рэспублікі Беларусь адносна не проста змовы, а плана па канстытуцыйным перавароце", — сказала яна

Дыпламат назвала дзеянні Прагі "цалкам карыкатурнымі", а чэшскіх (і заадно польскіх) дыпламатаў — васаламі ЗША "на новым тэхналагічным узроўні". Яна пацвердзіла, што Расія абдумвае адказ на высылку супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Чэхіі, але заклікала не забягаць наперад адносна ступені жорсткасці захадаў у адказ.

Напярэдадні Чэхія абвясціла персонамі нон грата адразу 18 супрацоўнікаў амбасады Расіі ў Празе. Таксама было заяўлена, што да выбуху на складах са зброяй у Урбеціцы ў 2014 годзе датычныя афіцэры расійскай ваеннай разведкі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Гэта тыя ж людзі, якіх падазраюць у атручванні былога расійскага разведчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў брытанскім Солсберы.

Прыблізна ў той жа час, што і чэшскія чыноўнікі, Аляксандр Лукашэнка аб'явіў пра тое, што "відавочна замежныя спецслужбы — ЦРУ ці ФБР" рыхтавалі замах на яго і на яго дзяцей. КДБ Беларусі і ФСБ Расіі нібыта прадухілілі замах, затрымаўшы ў Маскве палітолага Аляксандра Фядуту і беларускага юрыста з амерыканскім пашпартам Юрыя Зянковіча.

У Вашынгтоне абвінавачванні ў дачыненні да замаху на Лукашэнку назвалі абсалютна ілжывымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі