На кангрэс у Мінск прыехалі каля 1,5 тысячы расійскіх “экстрэмістаў”
Раз на год футбольны стадыён “Трактар” у Мінску запаўняецца амаль цалкам. Але людзі прыходзяць не на футбол. На “Трактары” праходзіць рэгіянальны кангрэс Сведак Іеговы. Сёлета на ім прысутнічала больш за восем тысяч чалавек!
“Было дзесьці восем з паловай тысяч людзей. Але гэта мала. Мы думалі, што будзе больш, бо ў Расіі забарону ўвялі, і расіяне павінны былі прыехаць, ― распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Еўдакімаў, які прыехаў на кангрэс з Віцебска. ― Нехта прыехаў, а нехта ― не. Невядома, па якой прычыне, розныя ж абставіны могуць быць. Але і так на стадыёне гучала абвестка: тысячы паўтары расіян было”.
У Расіі на дзейнасць Сведак Іеговы не проста ўвялі забарону ― Мінюст РФ унёс арганізацыю ў спіс забароненых на тэрыторыі краіны. Іх абвінавацілі ў парушэнні антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Фактычна, “Сведак Іеговы” прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй.
Падрабязнасці “экстрэмісцкай дзейнасці” расійскіх Сведак Іеговы не паведамляюцца, але вядома, што прыхільнікі гэтай рэлігійнай плыні катэгарычна адмаўляюцца ад службы ў войску і ад некаторых медыцынскіх працэдур. Напрыклад, ад пералівання крыві.
Але ў Беларусі Сведкі Іеговы з’яўляюцца афіцыйна зарэгістраванай арганізацыяй і дзейнічаюць цалкам легальна. Пра гэта Еўрарадыё заявілі ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў:
― Яны зарэгістраваныя і дзейнічаюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
― Нягледзячы на тое, што ў Расіі іх забаранілі?
― Прычым тут адно да другога? Навошта параўноўваць?
― Не проста ж так іх у Расіі абвясцілі экстрэмісцкай арганізацыяй? Можа, і нам варта было б прыгледзіцца да іх?
― Ведаеце, з боку гэта вельмі добра, прыглядацца і казаць. Ёсць для гэтага структуры, якія вырашаюць гэтыя пытанні.
Дзмітрый, сведка Іеговы з Віцебска, лічыць, што ў Расіі дзейнасць яго адзінаверцаў забаранілі беспадстаўна.
“Зразумела, гэта няправільна. Няма такога, што там Сведкі… нешта парушаюць, а тут нешта не парушаюць. Мы жывём па біблейскіх прынцыпах: там прапісана вось гэта ― мы робім гэта. І нікуды больш!” ― пераконвае беларускі іегавіст.
Даведка Еўрарадыё: Першыя суполкі Сведак Іеговы ў Беларусі з'явіліся ў 1994 годзе ў Мінску і Гомелі, у 1997 годзе гэта рэлігійнае аб'яднанне афіцыйна зарэгістраванае. Цяпер у краіне 27 абшчын, якія аб'ядноўваюць звыш шасці тысяч вернікаў.
Што да самога кангрэсу, то асноўная яго мэта ў тым, кажа Дзмітрый, каб данесці народу, што прыходзіць канец гэтай сістэмы.
“Гэта пра канец сістэмы жыцця на нашай планеце, ― працягвае Дзмітрый Еўдакімаў. ― Хутка ўсё гэта завершыцца. Вы ж, напэўна, ведаеце пра Дні Ноя? і ў Бібліі гаворыцца, што ўсе пілі, елі, выходзілі замуж і нішто не прадвяшчала, што трэба будаваць каўчэг. А патоп пачаўся. Так і цяпер: усе катаклізмы прыродныя, усе гэтыя праблемы паказваюць, што ўсё ідзе да канца. Нават мы, Сведкі, шакаваныя тым, як хутка ўсё адбываецца…”
Ніякіх унёскаў, пераконвае Дзмітрый, іегавісты не плацяць, толькі добраахвотныя ахвяраванні. А прысутнасць на кангрэсе ў Мінску ім ніхто не аплачваў: ехалі Дзмітрый з братам з Віцебска за свой кошт, тут самі знялі кватэру на двое сутак.
У Беларусі Сведак Іеговы па жаданні замест 1,5 года тэрміновай службы ў войску накіроўваюць на трохгадовую альтэрнатыўную службу. Гэтае права гарантаванае грамадзянам Беларусі як Канстытуцыяй, так і прынятым у 2016 годзе законам “Аб альтэрнатыўнай службе”. Тым не менш, вядомыя выпадкі, калі іегавістаў судзілі за адмову служыць у войску. У 2017 годзе суд Цэнтральнага рана Гомеля прызнаў іегавіста Дзмітрыя Смыка вінаватым ва ўхіленні ад прызыву ў войска і прысудзіў яму сто рублёў штрафу, не прыняўшы да ўвагі яго просьбу да ваенкамата накіраваць яго на альтэрнатыўную службу з-за рэлігійных перакананняў.
Па звестках за 2017 год, альтэрнатыўную службу ў Беларусі праходзілі 67 чалавек. Колькі з іх належыць да Сведак Іеговы, Мінабароны не ўдакладняе.