На мяжы з Таджыкістанам загінулі 24 кыргызскія вайскоўцы
Ваенныя на кыргызска-таджыцкай мяжы / ТАСС
У выніку ўзброенага канфлікту, які абвастрыўся, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана, загінулі 24 чалавекі, большасць з якіх — вайскоўцы, 121 чалавек пацярпеў, піша Kloop са спасылкай на Мінздароўя Кыргызстана. Таджыкскі бок страты не агучвае.
Канфлікт на кыргызска-таджыцкай мяжы абвастрыўся раніцай 16 верасня. Першыя сутыкненні адбыліся на два дні раней. Памежная служба Кыргызстана адзначае, што бязлітасныя сутыкненні ішлі па ўсім перыметры мяжы дзвюх краін. Улады абедзвюх дзяржаў абвінавацілі адна адну ў пачатку ўзброенага канфлікту.
Цяперашнія сутыкненні — вынік дзясяткаў канфліктаў рознага маштабу, якія адбываюцца на мяжы практычна штогод. І прычын для іх сапраўды шмат, адзначае Kloop. У бакоў каля 70 спрэчных участкаў мяжы — з 972 км агульнай мяжы пакуль узгоднены толькі каля 600 км.
16 верасня падчас саміту ШАС у Самаркандзе прэзідэнты Кыргызстана і Таджыкістана Садыр Жапараў і Эмамалі Рахмон абмеркавалі ўзброены канфлікт на мяжы і нібыта даручылі адпаведным структурам спыніць агонь, а таксама адвесці сілы і спецсродкі ад лініі судакранання.
Навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі за міжнародны мір Тэмур Умараў лічыць запозненае з'яўленне паведамленняў аб перамовах двух прэзідэнтаў заканамерным.
"Каб вырашыць пытанне [з межамі], трэба ісці на саступкі, — сказаў ён у каментары Kloop. — На саступкі ні Рахмон, ні Жапараў пайсці не змогуць". І не толькі таму, што ў старэючага Эмамалі Рахмона на носе транзіт улады ад сябе да свайго сына, а ў Садыра Жапарава — Курултай (нешта накшталт Беларускага нацыянальнага сходу).
"Як чалавек, які пастаянна заяўляе аб абароне таджыкаў па ўсім свеце, можа “перадаць” Кыргызстану зямлю з таджыкамі, якія там жывуць? І наадварот: калі Жапараў зробіць нешта падобнае, то можа сустрэць масавыя пратэсты свайго ядзернага электарату. Гэта вельмі непапулярнае рашэнне — землі аддаваць. А без гэтага немагчыма вырашыць тэрытарыяльную спрэчку, ніякую", — мяркуе Умараў.
Абодва бакі канфлікту — члены знакамітага АДКБ. А што АДКБ? Як звычайна — уважліва сочыць за сітуацыяй і выступае за вырашэнне канфлікту шляхам перамоваў.
Тым часам у Бішкеку людзі выходзяць на вуліцы з патрабаваннем спыніць вайсковыя дзеянні на мяжы. Жыхары сталіцы збіраюць гуманітарку тым, хто жыве ў раёнах узброенага канфлікту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.