На вянчанні Севярынца выявілася, што ён… ужо 3 тыдні жанаты! (фота, відэа)

Вянчанне Паўла Севярынца і Вольгі Шылак, апроч падзеі сямейнай і падзеі рэлігійнай, безумоўна, сталася і падзеяй свецкай. Як заўважыў жартам сведка Зміцер Дашкевіч, “больш жаніць няма каго, апошняга свецкага льва жэнім”. Папярэднім такім вяселлем, да слова, стала вянчанне самога Змітра з Настай Палажанкай у жніўні 2013 года.

Вядома, што касцёл выказвае цвёрдае пажаданне, каб маладыя ішлі да вянчання ўжо пасля рэгістрацыі шлюба ў ЗАГСе – каб не ўзнікала непатрэбных казусаў. Звычайна гэта адбываецца ў адзін дзень: спачатку ў ЗАГС, адтуль у касцёл. Севярынец жа ў ЗАГС нікога не запрасіў, бо… яны з Волечкай ужо два тыдні як муж і жонка!

Гэта пацьвердзіў Еўрарадыё сведка Зміцер Дашкевіч.

Зміцер Дашкевіч: “Для Паўла з Вольгаю адзінае вызначэнне шлюбу – узяць на сябе адказнасць перад Госпадам. А рэгістрацыя ў ЗАГСе – фармальная працэдура. І яны насамрэч распісаліся яны не сёння, а яшчэ пэўны час таму (паводле нашай інфармацыі, гэта адбылося 21 снежня - Еўрарадыё). Каб сёння не ствараць гэтае мітусні, а “аблегчыць” само вяселле. У ЗАГС яны нікога не запрашалі, і я не быў. Сёння ж у касцёле для мяне вялікая і пачэсная адказнасць быць сведкам на такім шлюбе! Зычу сям’і Севярынцаў Божых дабраславенняў на іх шляху ды шмат-шмат дзетак! Хай будуць прыкладам для многіх беларусаў!”

У рэстарацыі гасцям найперш абвесцілі, што вяселле цалкам безалкагольнае – такое жаданне маладых. Іншая просьба Паўла і Вольгі – абыйсціся без свецкіх крыкаў “горка!”, пакінуўшы ім магчымасць дарыць адно аднаму пацалункі без лішніх вачэй.

Бадай, самым арыгінальным было віншаванне Змітра і Насты Дашкевічаў. Яны разыгралі цэлую сцэну паводле гісторыі кахання Паўла і Вольгі, якую яны апавялі ў эксклюзіве Еўрарадыё. Зміцер граў Севярынца, а Наста – Вольгу. Прывядзем кароткі ўрывак.

Зміцер Дашкевіч (Павел): “Воленька, я так чакаў нашае сустрэчы!..”

Наста Дашкевіч (Вольга): “ Я прачытала!..” (паказвае на 2 падораныя раней кнігі Севярынца – Еўрарадыё).

Зміцер Дашкевіч (Павел): “І пра трактар прачыталі?..” (у кнізе “Нацыянальная ідэя” Павел заклікае ганарыцца дасягненнямі нашай прамысловасці – трактарам “Беларусь” і грузавікамі МАЗ).

Наста Дашкевіч (Вольга): “Мне больш пра МАЗ спадабалася”.

Зміцер Дашкевіч (Павел): “МАЗ! Я вельмі люблю МАЗ!.. Воленька, я хачу папрасіць вас…”

Наста Дашкевіч (Вольга): “Я прачытала!..”

Зміцер Дашкевіч (Павел): “Самае галоўнае – каб жанчына прачытала ў жыцці дзве кнігі. (падымае ўгару свае кнігі) Калі вы іх прачыталі, тады я магу сказаць вам гэтыя запаветныя словы. Прашу вашай рукі, Воленька, хачу звазаць з вамі сваё жыццё і ісці разам да перамогі партыі БэХаДзе, усяго Фронта Маладога…”.

Наста Дашкевіч (Вольга):  “Усяго? Баюся, што да ўсяго я не гатовая”.

Зміцер Дашкевіч (Павел): “Волечка, вы не гатовыя ісці з намі да перамогі? Але ж вы прачыталі?..”

Наста Дашкевіч (Вольга): “У тым-та і справа, што прачытала”.

Зміцер Дашкевіч (Павел): “(да гледачоў) Можа, я не тое напісаў?.. А можа, я мала напісаў?..”

І далей у такім ключы. Маладыя з гэтай сцэны смяяліся да слёз!

Бацька Паўла Кастусь Севярынец, як колішні артылерыст, пажадаў, каб у справе з’яўлення нашчадкаў Павел “паліў, як з гарматы”. А вось наконт грамадскай дзейнасці, мяркуе спадар Кастусь, сын мусіць вырашаць без бацькоўскіх парадаў.

Кастусь Севярынец: “Мне здаецца, Павел нахапаўся “грамадскага шчасця” па самую макаўку. А цяпер, мне хацелася б, каб у яго было шчаслівае сямейнае жыццё. Я яго выхоўваў, калі ён ляжаў папярок лаўкі. А калі стаў ляжаць уздоўж лаўкі – ужо ніякага выхавання няма. Магу сказаць шчыра і адкрыта: зараз ужо Павел мяне выхоўвае. Ён і глыбей мяне зараз думае, і больш шырока разумее…”

Пісьменнік Уладзімір Арлоў у віншаванні падкрэсліў Паўлавы вартасці не толькі як палітыка, але і як літаратара.

Уладзімір Арлоў: “Сталася так, што апошнія гады мы з Паўлам сустракаліся пераважна ў тых мясцінах, дзе ён пісаў свае “Лісты з лесу”, а потым даследваў “Беларускую глыбіню” (на “хіміі” ў Малым Сітне і Купліне – Еўрарадыё). Павел вырас там не толькі як палітык. Ён ператварыўся за гэтыя гады ў вельмі цікавага пісьменніка. На маю думку, Павед цяпер ці не самы яркі наш эсэіст, публіцыст. Але нарэшце мы бачымся не проста на волі, а калі Павел у абдымках з Воляй! Цяпер кожная беларуская сям’я мае місію – захоўваць код прысутнасці нас, беларусаў, на гэтай зямлі. Каб у нас была будучыня. Я думаю, што вы справіцеся з гэтым. Прылятуць буслы – і вы будзеце перадаваць гэты код новым і новым нашчадкам!”

Палітык Анатоль Лябедзька і віншаванне сваё закруціў “палітычна”.

Анатоль Лябедзька: “Калі мы гаворым пра шлюб, то гэта самая лепшая канстытуцыя, якую прыдумала чалавецтва! Бо там правоў роўна столькі, колькі абавязкаў. Як толькі нешта парушаецца ў гэтай гармоніі, адразу ўзнікаюць праблемы. Я хацеў бы, каб Вольга і Павел заўсёды адносіліся да шлюбу, як да самай галоўнай сваёй канстытуцыі. Дзе ў кожнага з вас столькі ж правоў, колькі абавязкаў”.

Дарэчы, пазнаёміліся Павел і Вольга дзякуючы журналісту і краязнаўцу Кастусю Шыталю. На той час Павел і Кастусь здымалі разам кватэру. А Вольга была Кастусёвай сяброўкай.

Кастусь Шыталь: “Я проста запрасіў дзвюх сябровак дахаты папіць гарбаты і паглядзець фільм Хашчавацкага “Плошча”. Павел нешта пісаў у сваім пакоі. Выйшаў да нас, прывітаўся – і пайшоў далей пісаць. Хоць пасля прызнаўся, што заўважыў Волю яшчэ тады. Потым яны сустракаліся на офісе БХД. А пра тое, што Павел у яе ўтрэскаўся, я даведаўся з ягоных слоў вясной 2009 года. І быў вельмі здзіўлены! Бо Павел, які казаў на ўсіх прэс-канферэнцыях, што вяселле “толькі пасля перамогі”, – раптам закахаўся!”

Амаль усе госці, віншуючы маладых, зычылі хуткага папаўнення сям’і. А найбольш дасціпна і “аўтэнтычна” гэта сфармуляваў у сваім фэйсбуку паэт Міхась Скобла: “Каб іх ложак часта рыпаў, і да году сынок выпаў!”

Еўрарадыё далучаецца да віншаванняў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі