Нацбанк Беларусі адклікаў ліцэнзію ў "БІТ-Банка"
І прыпыніў дзеянне ліцэнзіі "Еўрабанка" на здзяйсненне асобных банкаўскіх аперацый.
Нацыянальны банк Беларусі адклікаў ліцэнзію на здзяйсненне банкаўскай дзейнасці ў закрытага акцыянернага таварыства "Банк Інвестыцыйных Тэхналогій" ("БІТ-Банк"). Такое рашэнне было прынятае па выніках комплекснай праверкі. Яны сведчаць пра высокія рызыкі ў дзейнасці банка і пра незадавальняючую якасць кіраўніцтва. Таксама былі выяўленыя парушэнні, сярод якіх — невыкананне ліцэнзійных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу банка.
Прэс-служба Нацбанка адзначае, што доля актываў "БІТ-Банка" ў банкаўскай сістэме неістотная, па памеры актываў ён займае 27-е месца. Да таго ж ён не здзяйсняе аперацый, звязаных з прыцягненнем на рахункі і дэпазіты грошай фізічных асобаў. Больш падрабязна рашэнне Нацбанка па "БІТ-Банку" гл. тут.
Пастановай праўлення Нацбанка прыпынена да 6 жніўня дзеянне ліцэнзіі закрытага акцыянернага таварыства "Еўрабанк" на здзяйсненне банкаўскай дзейнасці. Прычына — невыкананне асобных ліцэнзійных патрабаванняў. Падчас праверкі былі выяўлены высокія рызыкі ў дзейнасці банка і незадавальняючая якасць кіраўніцтва. Больш падрабязна гл. тут.
Нагадаем, 18 сакавіка Нацбанк пазбавіў "Дэльта Банк" ліцэнзіі на здзяйсненне банкаўскай дзейнасці. Праваахоўныя органы вывучаюць дакументацыю, не выключана, што банкам прадастаўляліся непраўдзівыя справаздачы, а службовыя асобы перавысілі свае паўнамоцтвы. Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць справу аб банкруцтве "Дэльта Банка" 18 траўня.
Фота: Reuters