Нацбанк Беларусі хоча выйсці з акцыянераў Банка Масква-Мінск
Гэты крок рэкамендаваў Міжнародны валютны фонд.
Нацбанк збіраецца выйсці са складу акцыянераў Банка Масква-Мінск. Пра гэта 20 траўня паведаміў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.
Раней Міжнародны валютны фонд рэкамендаваў Нацбанку ліквідаваць сваю долю ў Банку Масква-Мінск. "Нам важна меркаванне Міжнароднага валютнага фонду адносна Беларусі. Таму думаю, што мы ў найбліжэйшы час пачнем практычныя крокі па рэалізацыі гэтай прапановы", — перадае БЕЛТА словы Надольнага.
Банкір дадаў, што Нацбанк і сам, без рэкамендацыі МВФ, меркаваў неўзабаве выйсці са складу банка Масква-Мінск. Але канкрэтных тэрмінаў па выхадзе Надольны назваць не змог, бо яшчэ няма прадметных практычных напрацовак.
Кантрольны пакет акцый банка Масква-Мінск быў набыты Нацбанкам і "Парытэтбанкам" у кастрычніку 2014 года. Група ВТБ прадала яго за 2,4 мільярда расійскіх рублёў ($55,7 млн).
Фота — telegraf.by