Некалькі дзясяткаў студэнтаў БДУ "паклікалі рэктара на дыван"
Гэты пратэст наспеў пасля ўвядзення платных пераздач у БДУ. Спачатку студэнты патрабавалі адмены новаўвядзення, а ўжо пасля патрабаванні выраслі да ўдзелу ў кіраванні ўніверсітэтам. За дзве гадзіны да акцыі у сацсетках абвяшчаюць месца — Міхайлаўскі сквер каля вакзала. Час збору — 12:30.
12:30. На акцыю прыходзіць толькі пара студэнтаў. Журналісты пачынаюць думаць, што акцыя не адбудзецца наогул. Напярэдадні становіцца вядома, што рэктар адмяніў сустрэчу са студэнтамі "з-за магчымых правакацый".
У 12:50. на плануемым Маршы не больш за дзесяць пратэстуючых. Журналістаў удвая больш.
"Мы хацелі сустрэцца з рэктарам, каб зрабіць нейкія крокі да ўдзелу студэнтаў у кіраванні. Бо яны не маюць уплыву на студэнцкае жыццё," — тлумачыць Валерый, студэнт першага курса. Па ім бачна, што хвалюецца. Ён — адзін з першых удзельнікаў.
"Студэнты палохаюцца, бо адміністрацыя прымае меры. У некаторыя карпусы пускаюць толькі па студэнцкіх", — распавядае студэнт БДУ Павел.
13:10. Студэнтаў ужо некалькі дзясяткаў. Разам з журналістамі і супрацоўнікамі ў цывільным будзе больш за сотню. Каля паўгадзіны яны проста стаяць у скверыку. Нейкіх лідараў не заўважна. Пасля міліцыя пачынае перапісваць пашпартныя дадзеныя ў назіральнікаў — прадстаўнікоў Беларускага хельсінскага камітэта.
З'яўляецца раней адлічаны з БДУ "Дэпутат Пётр", які балатаваўся на парламенцкіх выбарах. Ён раздае ўдзельнікам маршу цукеркі.
13:30. студэнты вырашаюць рухацца да карпусоў БДУ, каб патрапіць ва ўнутраны дворык. Падцягваюцца сталыя актывісты: Максім Вянярскі, Павел Вінаградаў, прадстаўнікі анархісцкага руху. Яны не студэнты.
На марш прыходзяць і студэнты магістратуры. Магістрантка Алена выступае за ўплыў на адукацыйныя праграмы для студэнтаў:
"Хацелася б уплыву на адукацыйны працэс. У нас старыя савецкія праграмы. Калі студэнты будуць размаўляць пра гэта на роўных з адміністрацыяй, будзе лепш".
13:45. У дворык БДУ ля Факультэта міжнародных адносінаў удзельнікаў маршу не пускаюць. На атрымоўваецца трапіць і праз іншы ўваход. У маршы апроч студэнтаў заўважна шмат анархістаў, дарослых людзей, актывістаў.
14: 00 Студэнты збіраюцца ля галоўнага ўвахода ў БДУ. Дзверы зачыненыя, нібыта, на рамонт. З'яўляюцца плакаты "За самакіраванне". На адным плакаце напісана "У час агульнай хлусні казаць праўду — гэта "эктрэмізм"". У слове памылка.
Міліцыя пачынае перапісваць пашпартныя дадзеныя, масава падыходзіць да маленькіх груп і асобных удзельнікаў. Некаторыя адмаўляюцца называць дадзеныя, але большасць пагаджаецца. Адну дзяўчыну спрабуюць затрымаць, але іншыя ўдзельнікі чапляюцца за яе і затрыманне не атрымліваецца. На ганак БДУ кладуць дыван і пачынаюць крычаць: "Рэктара на дыван, рэктара на дыван!".
Ад петыцыі да Марша студэнтаў: як развіваўся пратэст
Як незадаволенасць платнымі пераздачамі перарасла ў патрабаванне удзелу ў кіраванні ўніверсітэтам.
14:20. Студэнты усё яшчэ стаяць каля ўвахода БДУ, але іх становіцца менш. З корпуса праз вокны бачна, што ім махаюць іншыя студэнты. Міліцыя перапісвае пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў, падыходзіць да маленькіх групак. Некаторыя адмаўляюцца называць дадзеныя.
14:40. Акцыя заканчваецца апладысментамі, студэнты разыходзяцца. Анархісты з плакатамі, якіх спрабавала затрымаць міліцыя, садзяцца ўсе ў адну маршрутку. Людзі разыходзяцца, так і не дачакаўшыся рэктара.
Былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін называе звужэнне сацыяльных гарантый для студэнтаў непазітыўнай з'явай. Пра саму акцыю не выказваецца.
"Ведаеце, калі адукацыя становіцца цалкам платнай, то тады шмат што незразумела. У мае часы, калі я быў рэктарам, прыкладна 72% студэнтаў навучаліся за бюджэтныя сродкі. І 28%, адпаведна, на платнай аснове. Цяпер, відаць, усё ўжо наадварот. Калі сацыяльныя гарантыі звужаюцца, то гэта не выклікае аптымізму. І не толькі ў студэнтаў", — разважае пра платныя пераздачы экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін. Але акцыю студэнтаў каментаваць адмаўляецца.
За адну пераздачу іспыта студэнты БДУ цяпер будуць плаціць каля 50 тысяч, у залежнасці ад навуковай ступені выкладчыка, за залік — каля 30 тысяч.
Студэнты БДУ падалі петыцыю ў рэктарат, каб не ўводзілі платныя пераздачы
Пад зваротам сабралі 2,5 тысячы подпісаў за тыдзень.