“Ніхто ў Мытным саюзе не працуе па ўмовах Мытнага саюза, акрамя беларусаў”

У зале гасцініцы “Беларусь” сабралася каля 230 прадпрымальнікаў з ўсёй Беларусі. На сустрэчу таксама запрашалі прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржстандарту, Адміністрацыі прэзідэнта і іншыя. Але, на жаль, на запрашэнне адгукнулася толькі Міністэрства гандлю.

Прадпрымальнікі з Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна сабраліся ў сталіцы для абмеркавання таго, што рабіць пасля 1 ліпеня 2014 года, калі набудзе моц прэзідэнцкі ўказ №222. Пакуль не пачаўся форум, прадпрымальнікі абмяркоўваюць, як ствараць вопіс тавару.

Указ №222, нагадаем, абавязвае прадпрымальнікаў мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца ў Беларусь пасля 1 ліпеня.

Такое патрабаванне “іпэшнікі” лічаць невыканальным, сцвярджаючы, што гэта залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў, у якіх патрэбныя дакументы атрымаць немагчыма.

Прадстаўнік Мінгандлю заўважыў, што тэрмін рэалізацыі працягнуты да 1 сакавіка наступнага года.

“Казаць цяпер пра нейкую гадзіну “Ч” няма сэнсу. Акрамя таго, мы прывязаліся да 1 сакавіка і гэты тэрмін — тая дата, калі вы можаце прадаваць лішкі”, — заўважае намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг спажывецкага рынку Мінгандлю Андрэй Мяшкоў.

Ён заўважае, што патрабаванне, каб прадпрымальнікі мелі дакументы, было прынятае два гады таму і час на ўрэгуляванне пытанняў быў.

Прадпрымальніца з Гомеля Святлана гандлюе купальнікамі і бялізнай. Яна кажа, што ўжо некалькі тыдняў шукае базы ў Расіі, каб прывозіць дакумент з сертыфікатамі. Дазванілася нават ў Новасібірск і Нарыльск. Але не знайшла пастаўшчыка з дакументамі на тавар.

“Мне кажуць добры дзень і да пабачэння. Вы нам не цікавыя! Вы далі час на распродаж тавару. Цяпер сезон: прадаём лета, а потым зіму. А далей што?” — пытаецца прадпрымальніца. Яна звяртае ўвагу чыноўніка на тое, што тавар з дакументамі — гэта ў некалькі разоў даражэй, чым яны прадаюць цяпер: “А каму патрэбны гэты тавар з такімі цэнамі?”

Лідар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка заўважае, што ніхто з сябраў Мытнага саюза не працуе па ўмовах таго ж Мытнага саюза. Патрабаванні саюза выконваюць толькі беларускія прадпрымальнікі. Нават прапаноўвае паездку, аплачаную прадпрымальнікамі, на аптовыя базы ў Расію, каб чыноўнікі самі паглядзелі, як ідзе размова з пастаўшчыкамі тавару ў Расіі.

Анатоль Шумчанка заўважае, што патрабаванне мець на тавары дакументы ўжо цягне за сабой наступствы:

“Многія закрываюцца. Для каго расчышчаецца дарога? Ужо цяпер у Гомелі па рынку ходзяць прадстаўнікі рынкаў Расіі і раздаюць візіткі — запрашаюць працаваць у іх і ставяць умовы, што ніякіх сертыфікатаў, дэкларацый беларускім прадпрымальнікам мець не патрэбна”, — кажа Анатоль Шумчанка і звяртае ўвагу чыноўніка на тое, што не можа гарантаваць спакою прадпрымальніка, у якога, да прыкладу, канфіскавалі тавар.

Ён заўважае, што на месца іх, “шчырых беларускіх прадпрымальнікаў, якія паважаюць законы і плацяць падаткі”, прыйдуць новыя гульцы — сеткавыя крамы. Але ўжо са сваімі законамі і парадкамі.

“Будзе карупцыя, будзе хабар, будзе ценявая эканоміка”, — кажа Шумчанка.

Ён звяртае ўвагу і на тое, што ў Беларусі быццам бы створаныя аптовыя базы для працы прадпрымальнікаў. Але зноў абурэнне з залы:

“Хто купіць гэтае барахло?”

“Я цяпер не магу працаваць, — кажа прадпрымальнік з Гродна Юрый. — Я не плаціў падаткі! Я не ведаю, што мы будзем рабіць цяпер. Вось на гэтым форуме мы будзем вырашаць, што рабіць заўтра: працаваць, ці не. І калі не, дык гарантую, што заўтра на месцах у правінцыі будзе рукапашная!”

На думку Юрыя, указ №222 — недапрацаваны. Прадпрымальнік прапаноўвае стварыць працоўную групу, каб разам з ёй дапрацоўваць указ і пастановы да яго.

Прадстаўнік Мінгандлю Андрэй Мяшкоў увесь гэты час маўчаў і ў канцы заўважыў, што міністэрства прыслухаецца да іпэшнікаў, але гарантаваць нейкіх зменаў з боку нашых суседзяў ён не можа.

Па выніках форума прадпрымальнікі прымаюць шэраг пастановаў. Вось некаторыя з іх.

Прадпрымальнікі прапаноўваюць Лукашэнку разгледзець прафесійную прыдатнасць чыноўнікаў эканамічнага блока і ўрада і знайсці ім замену з ліку прафесіяналаў і патрыётаў Беларусі. А таксама прапаноўваюць кіраўніку дзяржавы выйсці на дыялог з прадпрымальнікамі падчас Першага агульнанацыянальнага збору прадпрымальнікаў і без ўраду.

Накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах дзеяння тэхрэгламенту Мытнага саюза, а таксама працягнуць пошук сумесных рашэнняў па пытаннях суправаджальных дакументаў.

Стварыць інстытут упаўнаважанага пры прэзідэнце па абароне правоў і законных інтарэсаў прадпрымальнікаў. А таксама не дапускаць рэпрэсій у дачыненні да актывістаў-прадпрымальнікаў.

Дык што будуць рабіць прадпрымальнікі з 1 ліпеня? Як заўважае Еўрарадыё мінчанка Алена, усе выйдуць працаваць. Але многія ўжо закрываюцца.

“Усе выйдуць працаваць, але, да прыкладу, у Маладзечне многія ўжо не маюць бізнесу, а прадастаўляюць паслугі — рамонт ключоў, і гэтак далей. Кажуць пра лішкі, але дзяржава колькі гадоў сама не можа распрадаць свае склады! Я пайду на курсы са жніўня, паспрабую на дзяржпрацу ўладкавацца”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі