Новы алфавіт — новая палітыка: як і чаму розныя краіны мянялі сваю азбуку
Фота: svaboda.org
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін прапанаваў змяніць кірылічную азбуку на лацінку. Пакуль ва Украіне ідзе палеміка з гэтай нагоды, Казахстан актыўна рыхтуецца да пераходу на лацінскае пісьмо, рэформа павінна завяршыцца ў 2025 годзе.
Алфавіт на працягу апошніх ста гадоў мянялі некалькі краін свету. І калі ў адных рэформа прайшла паспяхова, то іншыя апынуліся ў алфавітным хаосе. Якія краіны мянялі азбуку і што з гэтага атрымалася — разбіралася Грамадскае.
Казахстан або Qazaqstan, ці сваркі з-за морквы
26 кастрычніка 2017 прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выдаў указ аб пераходзе з кірылічнага на лацінскае пісьмо. Працэс будзе доўгім і павінна завяршыцца да 2025 года. Неабходнасць перайсці на лацінку Назарбаеў у звароце да народа аргументаваў асаблівасцямі «сучаснага тэхналагічнага асяроддзя, камунікацый, а таксама навуковага і адукацыйнага працэсу XXI стагоддзя».
Тады ж, у кастрычніку, на сайце канцылярыі прэзыдэнта з’явіўся праект новага алфавіту краіны, які выклікаў бурнае абмеркаванне. Паколькі ў лацінскім алфавіце знакаў менш, чым у кірылічным, некаторыя гукі казахскай мовы прапанавалі перадаваць літарай з апострафам. І праект раскрытыкавалі лінгвісты, маўляў, такое напісанне нязручна людзям, ды і выглядае не эстэтычна. Таму ўжо ў канцы лютага 2018 Назарбаеў унёс змены ва ўказ і праект алфавіту. Згодна з новымі правіламі, замест апострафа будуць выкарыстоўваць так званыя «акуты» — значкі над літарамі.
Для Казахстана гэта будзе ўжо трэцяя змена алфавіту за апошнія 100 гадоў. У 1929 годзе савецкая ўлада ўвяла лацінскае пісьмо замест арабскай вязі, і ў 1940-м яго замянілі кірыліцай.
У Казахстане, дзе жыве шмат этнічных рускіх, руская мова з’яўляецца другой дзяржаўнай. На яе статус пераход казахскай мовы на лацінскі алфавіт ніяк не паўплывае, запэўнівае прэзідэнт Назарбаеў. Аднак у Маскве намеры Астаны разглядаюць як несяброўскі крок, мэта якога — вывесці Казахстан з расійскай арбіты бліжэй да Захаду.
Ды і ў самім Казахстане не ўсе радуюцца пераходу на лацінку. Па-першае, гэта выльецца ў кругленькую суму для дзяржаўнага бюджэту, бо прыйдзецца транслітараваць усе кнігі, афіцыйныя дакументы, шыльды на вуліцах, дарожныя ўказальнікі... Толькі ў бліжэйшыя два гады на «лацінізацыю» выдаткуюць каля $2 млн. Па-другое, казахі незадаволеныя тым, як будуць выглядаць на лацінцы некаторыя словы. У інтэрнэце з'явіліся сайты, на якіх можна праверыць, у прыватнасці, напісанне свайго імя на новым алфавіце. А карыстальнікі сацсетак высмеялі пераход на новую азбуку, распаўсюджваючы жарт пра моркву — у кірылічным варыянце казахскай «сәбиз». Лацінкай морква павінна пісацца «saеbiz» — занадта нагадвае расійскае лаянкавае слова.
Азербайджан: прэч ад Масквы, бліжэй да Анкары
У імкненні перайсці на лацінку Казахстан натхняецца прыкладам суседняга Азербайджана, дзе лацінка пануе з 2001 года. Працэс адмовы ад кірыліцы, якой карысталіся з 1922 года, запусцілі адразу ж пасля распаду СССР. Ініцыятарам выступіў прэзідэнт Гейдар Аліеў, які абвясціў мэтай пераходу на лацінку «далучэнне да сусветнай інфармацыйнаму прасторы». Кажуць, што на самой справе гэта адбылося пад магутным ціскам суседняй Турцыі. Турэцкая і азербайджанская мовы вельмі блізкія, таму транслітарацыю ўвялі па прыкладзе суседняй дзяржавы.
Турцыя: масток на Захад
У самой Турцыі пераход на лацінскі ліст адбыўся ў пачатку ХХ стагоддзя, адначасова з іншымі рэформамі «бацькі» сучаснай краіны — Мустафы Кемаля Атацюрка. Ён адмовіўся ад арабскага алфавіту, які не перадаваў усю паўнату гукаў турэцкай мовы, да прыкладу, адна літара арабскага пісьма магла чытацца на турэцкай і як «к», і як «г». Рэформа праходзіла вокамгненна — пачалася ў траўні 1928 году, а ўжо 1 студзеня 1929 выкарыстанне арабскага пісьма ў Турцыі стала незаконным. Паводле легенды, Атацюрк сам ездзіў па вёсках з дошкай і мелам, тлумачачы людзям, як пісаць лацінкай.
Гісторыкі кажуць, што ўвядзенне лацінскага алфавіту павярнула Турцыю тварам да Еўропы, адначасова адрэзаўшы яе ад арабскіх каранёў. Праз амаль 90 гадоў пасля ўкаранення рэформы мала хто ў Турцыі ведае арабскае пісьмо — так званы асманскі турэцкі. Яго вывучаюць ва ўніверсітэтах, але большасць туркаў ужо не можа прачытаць надпісы на магільных плітах сваіх продкаў.
Малдова: дзве назвы, адна мова
Малдова ўвяла лацінку замест кірыліцы ў прадчуванні распаду СССР — у 1989 годзе. Таму лацінскае пісьмо пачалі выкарыстоўваць на ўсёй тэрыторыі Малдовы, акрамя створанай у 1990-х непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі — там пішуць кірыліцай.
У Малдове дагэтуль спрачаюцца, але не адносна пісьма, а пра тое, як называць яе мову — малдаўская або румынская. Канстытуцыя краіны 1991 ўсталёўвала румынскую дзяржаўнай мовай. Пасля, у 1994-м, у Асноўным законе дзяржаўнай мовай назвалі малдаўскую. У рэшце рэшт Канстытуцыйны суд Малдовы ў 2013 годзе вынес рашэнне, згодна з якім дзяржаўная мова — румынская.
Па тым, хто як называе мову, у Малдове вызначаюць палітычныя сімпатыі. Гэтае пытанне зноў абвастрылася напярэдадні парламенцкіх выбараў восенню гэтага года.
Узбекістан: мікс азбук
Узбекістан — яшчэ адна постсавецкая дзяржава, якая абвясціла пераход на лацінку. Гэта адбылося яшчэ ў 1993 годзе, скончыць транслітарацыю планавалі ў 2005-м, потым перанеслі на 2010 год, аднак да гэтага часу ва Узбекістане пануюць два алфавіты. Лацінку атрымалася ўвесці толькі ў школах, падручнікі цалкам перавялі на новае пісьмо. Ёю ж падпісаны назвы большасці вуліц і станцый метро. Медыя выкарыстоўваюць абедзве азбукі. На банкнотах надпісы кірыліцай, а на манетах — і кірыліцай, і лацінкай.
Самае складанае — перавучвацца дзяржслужачым, бо дакументаабарот ва Узбекістане дагэтуль вядзецца на кірылічным алфавіце. Пераход на лацінскі алфавіт падзяліў грамадства па ўзроставай прыкмеце — старэйшае пакаленне так і не навучылася чытаць і пісаць лацінкай, а малодшае адрэзана ад літаратурных твораў, якія публікавалі на працягу апошніх 60 гадоў.
Кірыліца для старых, лацінка — для маладых?
З падобнай праблемай сутыкнулася і Сербія, дзе кірыліцу афіцыйна прызналі адзіным дзяржаўным алфавітам у 2006 годзе. У Югаславіі актыўна карысталіся яшчэ і лацінкай, аднак пасля яе распаду і войнаў на Балканах пісьмо стала палітычным маркерам. Нягледзячы на афіцыйны статус кірыліцы, моладзь у Сербіі значна часцей карыстаецца лацінкай. Як паказвае праведзенае ў 2014 годзе апытанне, яе выкарыстоўвае дзве траціны людзей ва ўзросце 21-29 гадоў. Кірыліцай ж пераважна піша і чытае старэйшае пакаленне — тыя, каму за 60.