Падзеі ў спорце, калі пра беларусаў размаўлялі мільёны па ўсім свеце (відэа)
Дар’я Домрачава — найлепшая біятланістка планеты
У сакавіку 2015 года беларуска ў першыню ў кар’еры выйграла Вялікі крыштальны глобус — галоўную ўзнагароду сусветнага біятлона. Домрачава апярэдзіла фінку Кайсу Мякярайнен у зацятай барацьбе сезона 2014/2015. За год да гэтага на Алімпіядзе ў Сочы Дар’я ўзяла ажно тры залатыя алімпійскія медалі, упісаўшы сябе ў гісторыю сусветнага спорту назаўжды.
Марына Арзамасава, чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў
Відаць, гэта другая па значнасці перамога беларускага спорту ў 2015 годзе. Марына Арзамасава здабыла золата на чэмпіянаце планеты ў Пекіне. Свае каронныя 800 метраў беларуска прабегла з вынікам 1:58.03.
Да чэмпіянату планеты пра такое толькі марылі. Арзамасава на перадстартавых зборах, як кажуць, не магла выбегчы з дзвюх хвілінаў. Але на топ-спаборніцтвах стварыла сенсацыю.
Марына Арзамасава — дачка Равілі Аглятдзінавай, чэмпіёнкі Еўропы па лёгкай атлетыцы і журналісткі часопіса “Дело”. Мама трагічна загінула ва ўзросце 39 гадоў падчас службовай камандзіроўкі. Марына працягнула яе спартовую справу.
Вядома, што наша чэмпіёнка скончыла юрфак БДУ, выхоўвае шасцігадовую дачку Сашу і прафесійна разбіраецца ў модзе.
Вадзім Стральцоў, чэмпіён свету па цяжкай атлетыцы
У канцы лістапада малавядомы магілёўскі штангіст Вадзім Стральцоў (94 кг) сенсацыйна перамог на чэмпіянаце свету ў ЗША. Гэты хлопец з’явіўся на спартовым небасхіле як Піліп з канапель. У апошні раз Вадзім браў медаль на топ-спаборніцтвах аж восем гадоў таму, гэта была бронза на чэмпіянаце свету ў Тайландзе.
Цягам кар’еры Стральцоў знаходзіўся ў цені рэкардсмена планеты Андрэя Рыбакова, да таго ж штангісту пастаянна заміналі траўмы.
“Колькі разоў яму ўжо казалі: “Завязвай!” Многія ў яго не верылі. Былі некаторыя праблемы з тэхнікай: чалавек вельмі дужы, а штанга не фіксавалася. А ён адчуваў, што можа, застаўся, перацярпеў… Трэніруецца па асаблівай схеме, спадзяецца на свае сілы. Чалавек вельмі мэтанакіраваны”, — выказаўся пра Стральцова алімпійскі чэмпіён Пекіна Андрэй Арамнаў.
Вадзіму Стральцову 29 гадоў. Яго апісваюць, як сямейнага чалавека. Атлет не выстаўляе напаказ асабістае жыццё, а згадак пра яго ў СМІ практычна няма.
ФК БАТЭ ледзь не выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Многім здавалася, што чэмпіён Беларусі па футболе спыніўся ў сваім развіцці. То бок думалі, што каманда моцная, але цягацца з найлепшымі клубамі планеты ў гэтым сезоне не зможа. Аказалася, не зусім так.
БАТЭ ўпэўнена выйшаў у лігачэмпіёнскую групу, не пабаяўшыся страшылак пра бялградскі “Партызан” і касмічную падтрымку сербскіх заўзятараў. У групе нашы футбалісты спачатку без варыянтаў саступілі “Баеру”, але потым сенсацыйна пабілі ў Барысаве італьянскую “Рому”.
Гуляючы з найлепшым клубам планеты, “Барселонай”, нашы ў абедзвюх гульнях удала процістаялі каталонцам у першых таймах. На большае не хапіла, але ўжо лепш, чым чатыры гады таму (тады лік быў 0:9 па суме двух матчаў, цяпер — усяго 0:5).
У перадапошняй гульні групавога этапу БАТЭ ледзь не перамог “Баер” у дамашняй гульні. Тая нічыя не дазволіла немцам выйсці ў плэй-оф. Перад заключным матчам з “Ромай” у Рыме захоўвалася інтрыга, БАТЭ мог выйсці у наступны лігачэмпіёнскі раўнд. Маглі забіваць, але здарылася нічыя. Італьянскія ціфозі асвісталі “Рому”, якая ўсё ж выйшла ў плэй-оф, і пісалі на форумах, што на месцы рымскага клуба павінныя былі быць барысаўчане.
БГК — у плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў
Відаць, ніхто не чакаў, што пасля развалу “Дынама-Мінск” у Беларусі так хутка з’явіцца гандбольная каманда сусветнага ўзроўню. Але гэта здарылася. У лігачэмпіёнскім сезоне 2015/2016 БГК заняў першае месца ў групе, абышоўшы іспанскі “Лагроньё” і партугальскі “Порту”.
У першым раўндзе плэй-оф брэсцкія гандбалісты сустрэнуцца з дацкім “Ск’ернам”. Адбудзецца гэта ў лютым.
Андрэй Герасімчук, які перамог першую зорку сусветнага кікбоксінгу
У пачатку 2015-га ў Кітаі малавядомы на той момант беларускі баец сустракаўся з тытулаваным Рыка Верховенам. Чакалася, што нідэрландзец размажа нашага хлопца.
Але Герасімчук навязаў такую манеру вядзення бою, да якой Верховен так і не змог адаптавацца. Дайшло да таго, што беларус паслаў саперніка ў накдаўн і перамог згодна з аднагалосным рашэннем суддзяў. Цягам сезона Герасімчук сустрэўся з яшчэ некалькімі топавымі прафесіяналамі, атрымаўшы толькі адно паражэнне.
Восенню баец паехаў на чэмпіянат свету па муай-тай у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі. Герасімчук узяў залаты медаль у суперцяжкай вагавай катэгорыі і быў прызнаны найлепшым байцом чэмпіянату.
Вядома, што ў тайскі бокс ды кікбоксінг Андрэй прыйшоў як цяжкі падлетак. І застаўся трэніравацца. Некалькі гадоў таму з-за траўмы ён, было, завяршыў кар’еру і пачаў займацца аддзелачнымі працамі. Потым вырашыў вярнуцца. У зборную Герасімчука часта не бралі з-за таго, што на яго месцы ўжо былі спартсмены, якія афіцыйна атрымліваюць заробак у Мінспорту.
Цягам года Герасімчук сам ператварыўся ў зорку. Асабліва папулярны ён у Азіі.
Зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ — у сусветных топах
На летніх Алімпіядах менавіта беларускія весляры стабільна атрымліваюць медалі. Складваецца ўражанне, што правалаў у гэтым відзе спорту ў нас не здараецца ўвогуле.
У канцы жніўня ў Мілане завяршыўся чарговы чэмпіянат свету. Ажно сем беларускіх спартсменаў прымералі залатыя медалі.
Першыя месцы занялі: Арцём Козыр (каноэ на 200 метраў), Маргарыта Махнёва і Марына Літвінчук (байдарка-двойка на 200 метраў), Маргарыта Махнёва, Марына Літвінчук, Надзея Ляпёшка, Вольга Худэнка (байдарка-чацвёрка на 500 метраў), Дарына Касцючэнка і Каміла Бобр (каноэ-двойка на 500 метраў) і Марына Літвінчук (байдарка на 5000 метраў).
У агульнакамандным заліку нацыянальная зборная Беларусі заняла другое месца, саступіўшы Германіі.
Аліна Талай — на п’едэстале чэмпіянату свету
Адна з самых вядомых, прыгожых і патрыятычных беларускіх спартсменак нарэшце ўзяла медаль на топ-старце. Падчас чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Пекіне Аліна заняла трэцяе месца ў бегу на сто метраў з бар’ерамі. Яе вынік — 12,66 секунды.
Нагадаем, што Талай адна з нямногіх спартсменак, якая актыўна прыцягвае ўвагу да праблем беларускай мовы і культуры.
Спартсменка трэніруецца ў аўстрыйскага трэнера Філіпа Унфрыда, ганяе на матацыкле, робіць выдатныя фотаздымкі… Вядома, што яна паспявала не толькі трэніравацца, але і папрацавала кантралёрам у адным з аршанскіх ЖЭСаў.
Меліціна Станюта наступае расіянкам на пяткі перад Алімпіядай
Меліціна — унучка легенды Купалаўскага тэатра Стэфаніі Станюты і зорка беларускай мастацкай гімнастыкі.
На Чэмпіянаце свету-2015 наша гімнастка супрацьстаяла зорным расіянкам Кудраўцавай і Мамун.
Станюта стала трэцяй у індывідуальным шматбор’і і ў практыкаваннях з мячом. Другой — у камандных спаборніцтвах. Сярод асноўных саперніц, з якімі Меліціна будзе спаборнічаць на Алімпіядзе-2016, апроч расіянак згадаем украінку Ганну Рызатдзінаву.
Дзмітрый Асанаў — прызёр чэмпіянату свету па боксе
Яшчэ нядаўні юніёр, ён удала пачаў выступаць на дарослых спаборніцтвах і ўзяў бронзу на чэмпіянаце свету-2015, які праходзіў у Катары. Медаля для алімпійскай ліцэнзіі было недастаткова. Давялося праводзіць дадатковы двубой з індыйцам Шывам Тапам. Дзмітрый Асанаў перамог аднагалосным судзейскім рашэннем.
Дзмітрый Варац сенсацыйна пабіў суперзорак сусветнага муай-тай
Малады жыхар Маладзечна — адзіная алімпійская надзея Беларусі ў боксе.
Фота www.insidethegames.biz, en.ctv.by, www.chiesaditotti.com, pressball.by, www.mnpz.by, www.flickr.com, budzma.by.