Пакрыўджаны геній: каго Міхалок паспеў абразіць за тры гадзіны канцэрта ў Шаблях
8 ліпеня на хутары Шаблі праходзіць акустычны канцэрт Сяргея Міхалка. Ён запомніцца не столькі выступам кіраўніка “анарха-сіндыкату Ляпіс-Brutto”, колькі яго дзіўнымі маналогамі, якія ў мужным хлопцы з качалкі выдалі пакрыўджанага генія.
Напрыклад, Сяргей згадвае рэцэнзію Адама Глобуса на першы выступ "Ляпісаў" на фестывалі "Тры колеры" у 1990-м годзе. Маўляў, Глобус ніколі не пісаў рэцэнзіі, а тут на табе ― раскрытыкаваў выступ новаспечанага калектыву.
Адам Глобус, паэт і мастак:
"Я напісаў, што яму трэба адмовіцца ад назвы "Ляпіс Трубяцкі", рускай мовы і займацца сваімі песнямі, а не плагіяціць групу "Ноль". Так што, усё, што я яму напісаў тады, ён усё выканаў. Цяпер у яго, напэўна, творчы крызіс, ён хоча, каб я яму яшчэ на 27 гадоў план напісаў. Ну, падумаю і напішу".
Найбольш дастаецца блогеру Антону Матольку. Міхалку нібыта расказалі, што Антон раскрытыкаваў тое, як Сяргей прачытаў верш Максіма Багдановіча ў рэкламным роліку адной авіякампаніі.
Цытаты Міхалка пра Матольку:
У мяне ёсць сястрычка Олька, а ўчора я даведаўся, што ёсць нейкі Матолька.
Я, натуральна, нічога не чытаю, але чуў, што ўчора быў нейкі шум на тэму "прабачгоспадзе, як Міхалок мог замахнуцца на нашага Багдановіча? Дзе сістэма Станіслаўскага, як ён прачытаў гэты верш, дзе пачуцці, эмоцыя, сапраўднае перажыванне?". Ведаеце, мне не падабаецца сістэма Станіслаўскага, мне падабаецца хаос Міхоэлса, я заўсёды іду ад знешняга.
Чаму я закрануў гэтага Матольку, нават не ведаю. Таму што мне Антон (Азізбекян, ― рэд.) учора сказаў: "Матолька незадаволены". Дзе пастамент, дзе барэльеф Матолькі, дзе мне прынесці яму дары, як мне яго "увільгатніць", дзе яго глеба, дзе ён сядзіць, дзе яго харомы, куды мне прынесці даніну? Матолька?! Я гатовы насіць табе даніну, каб у цябе не выклікала дысанансу, што лепшыя, самыя магутныя, самыя вандруючыя музыкі нашай краіны, пацаны з Brutto, пацаны з сапраўднага анарха-сіндыката, якія жывуць у розных гарадах, але па свісце, па адной толькі камандзе збіраюцца ва ўмоўленай кропцы і даюць сапраўдны творча-цудоўны бой...
Я ведаю, хто такая Олька, я ведаю, што такое Самохі. Такое маё прачытанне Багдановіча. Гэта не ваш, гэта не Матолькін, ён мой, і я яго буду чытаць так, як захачу сам.
Антон Матолька, блогер:
"Я быў здзіўлены. Чакаю тлумачэнняў, што гэта было. Са мной ніхто не звязваўся".
У выніку шуму ў інтэрнэце і допісу Матолькі, “анархасіндыкат” удакладняе, што Міхалок, казаўшы пра Матольку, насамрэч меў на ўвазе Ганну Бонд! І тут новыя падпісчыкі дадаюцца ў Фэйсбук і Інстаграм шоўвумэн, хаця сама яна таксама адмаўляе свой удзел у крытыцы Міхалка. Яна толькі ўсяго і напісала: “Сістэма ламае нават Міхалка!”.
Ганна Бонд, шоўвумэн:
"Я не ведаю, што там Міхалок чудзіў на канцэрце, але мне падаецца, што музыканту з вялікай літары, а я ўсё ж Міхалка лічу такім, нельга дазваляць сабе замест песень прымушаць людзей слухаць высер у адрас Матолькі цягам шасці хвілін. Мне падавалася, што ў Міхалка іншы ўзровень. Але калі чалавек скатваецца да падобных публічных прыніжэнняў чалавека, адрас якога ён не ведае, ён нават не ў курсе, што ні Матолька не крытыкаваў нідзе яго прачытанне Багдановіча, ні я нідзе не выказвалася, у яго кепскія ад'ютанты. Тым больш, цяпер Матолька робіць для жыхароў Мінска значна больш, чым Міхалок. Я жадаю Міхалку поспехаў і ўсё ж не апускацца да лайна, а думаць пра творчасць".
Выказванне Міхалка пра беларускую мову і тых, хто на ёй размаўляе, таксама многіх непрыемна здзівіла:
“Мне падабаецца тое, што цяпер і беларуская мова набывае большую вагу, і на ёй гавораць не толькі людзі, якія ўвесь час павышаюць тон, калі на яе пераходзяць. Калі ў 18 гадоў я прыехаў маладым цынікам і паступіў у Інстытут культуры, мяне вельмі моцна бянтэжыла, што калі людзі пераходзяць на беларускую, голас іх становіцца танчэйшым. Яны кажуць: "Да, Сергей, Сергей", а потым вышэй: "А чаму?"... Я не тролю нікога. Я правёў сваё дзяцінства ў Самохах. І калі там Барс, Макар, Мацвей ці Пылькін ці іншы хуліган пераходзіў на беларускую мову, гэта была мова небяспечнасці: "Чаго? А ў *бач?". То бок, я прывык, што гэта мова воінаў, мова выкліку".
Ігар Случак, “моўны інспектар”:
“Гэта прыватнае меркаванне Міхалка, бо ён, магчыма, бачыў і добрыя і кепскія прыклады карыстання беларускай мовай. З-за таго, што многія не карыстаюцца ёй ў паўсядзённым жыцці, пераходзячы на яе, могуць не перастроіць чыста фізіялагічна свой голас, таму яна, магчыма, гучыць ненатуральна. Але ўсё ж такі кпіць з тых, хто беларускую мову нясе як сцяг, не зусім правільна, бо калі б не было іх, не было б і Міхалка. Бо я лічу, што сваю папулярнасць ён заваяваў у вялікай частцы і праз тое, што выконваў песні і па-беларуску. А так быў бы аўтарам для гопнікаў з Сельмаша ці Розачкі”.
Дасталася ад Міхалка і расійскаму гурту “Чайф”, які Сяргей называе “гаўняным” і з якім 21 ліпеня выступіць на фестывалі “Рок за Баброў”.
Міхалок, якога прыхільнікі на радзіме чакаюць, як другога прышэсця, чамусьці вырашыў прысвяціць свой самы інтымны канцэрт любімай беларускай забаве ― срачу. Навошта зорцы спатрэбіўся падобны піяр, застаецца загадкай. Нягледзячы на меркаванні, што гэта быў наўмысны, хоць і кепскі хайп, Сяргей у бойцы з апанентамі відавочна прайграў. Сітуацыю, магчыма, выправіць толькі публічная сустрэча Міхалка з Матолькам, але асадак усё адно застанецца.