Палітолаг: Турцыя хоча паказаць Еўрасаюзу сваю “яршыстасць”

111027 lagvinec s.mp3

Еўрарадыё: Чаму, на ваш погляд, Турцыя робіць такі “непаслухмяны” крок і не накладае, як раіў ёй ЕС, санкцый на беларускіх чыноўнікаў?

Алесь Лагвінец: Лічу, што ёсць пэўныя і палітычныя, і эканамічныя прычыны. Можа, Турцыя спадзяецца на большы наплыў беларускіх турыстаў, можа ёсць у Анкары нейкія эканамічныя праекты. А таксама ёсць і палітычныя прычыны. Я мяркую, што турэцкі амбасадар крыху перабольшыў. Далучэнне Турцыі да Еўрапейскага Саюзу тут не грае важнай ролі. Працэс далучэння Турцыі апошнім часам вельмі запаволіўся, а нават спыніўся у мёртвай кропцы. І туркаў, якіх Брусель доўгі час “карміў” абяцанкамі, ужо гэта стаміла. Гэтай заявай Турцыя спрабуе паказаць нейкую “яршыстасць” у дачыненні да Еўрапейскага Саюзу, хоча паказаць, што яна мае намер граць адметную ролю ў замежнай палітыцы на мяжы двух кантынентаў. Таксама і ў дачыненні да Ізраіля яна праводзіць іншую палітыку, чым ЕС, і ніхто ёй не ўказ. Да таго ж, падтрымка высілкаў Турцыі да ўдзелу ў Еўрасаюзе зніжаецца і ў самой Турцыі.

Еўрарадыё: Але ж пытанне пра ўдзел Турцыі ў Еўрасаюзе яшчэ не да канца закрытае і пазіцыянаваць сябе так востра у адносінах з Беларуссю Анкары не выпадала б.

Алесь Лагвінец: Турцыя вялікая краіна — 80 мільёнаў жыхароў, з досыць моцнай эканомікай. У кіраўніцтве Турцыі многа людзей, якія не хочуць уступаць у нейкія блокі, і адначасова хочуць бачыць сваю краіну ўплывовай. Гэта такая постімперская настальгія, смутак па часах Асманскай імперыі. Але можа быць і так, што гэта толькі гульня пасланняў, што Турцыя хоча нешта выгандляваць у Еўрапейскага Саюзу.

Еўрарадыё: Вы закранулі пытанне бізнэс-інтарэсаў, якія можа мець Турцыя. Якія менавіта? Літва, здаецца, таксама мае асаблівыя інтарэсы да Беларусі, але да санкцый, аднак, далучылася... 

Алесь Лагвінец: Літва — удзельнік Еўрасаюзу, а гэта значыць, што рашэнні Бруселя для яе абавязковыя. У гэтым заключаецца розніца. А кандыдат на ўдзел у Еўрасаюзе можа спрабаваць рабіць нейкія свае, незалежныя крокі, шукаць абходныя шляхі. А бізнэс-інтарэсы могуць палягаць на перспектыве. Беларусь стала трошкі больш цікавай, як уступіла у Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. І, можа, туркі вырашылі, што Беларусь мае важнае значэнне для таго, каб выйсці на мытную прастору трох дзяржаў, каб шчыльней працаваць з вялікімі расійскім альбо казахстанскім рынкам. Але і бягучыя інтарэсы ёсць у турэцкіх прадпрымальнікаў у Беларусі. Вядома, што адна турэцкая фірма з'яўляецца ўласнікам аператара мабільнай сеткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі