Парады Джо Байдэну: што ЗША могуць зрабіць для беларусаў

Джо Байдэн / Global Look Press
Джо Байдэн / Global Look Press

Падчас сваёй прамовы ў Варшаве Джо Байдэн згадаў барацьбу беларусаў за свабоду. Аднак што акрамя словаў падтрымкі можа зрабіць прэзідэнт ЗША для Беларусі?

Свае парады Джо Байдэну ў эфіры Еўрарадыё агучыў палітолаг Павел Усаў.  

“Мы зноў вяртаемся да таго, што мусіла быць акрэслена Кабінетам. Гэта фармаванне даволі сістэмных інстытутаў, якія дапамогуць ствараць кадравую альтэрнатыву кіроўнай эліце. Запускаецца Вольны беларускі ўніверсітэт — вось падтрымліваць такія праекты. Урэшце разабрацца з ЕГУ, бо там нейкая барацьба, канфлікты… А з яго можна было б зрабіць аўтарытэтны ўніверсітэт, які б акурат рыхтаваў будучую палітычную кіроўную эліту”.

На думку Усава, ЗША таксама могуць паўплываць на стварэнне вайсковага рэзерву для Беларусі.  

“Што яшчэ можна рабіць? Падтрымліваць беларускія вайсковыя ініцыятывы. Не трэба казаць пра гэта голасна, але варта, напрыклад, з такімі прапановамі шматразова выходзіць да партнёраў: чаму б беларусаў, якія прайшлі фронт ва Украіне, не браць у афіцэрскія школы NATO? У NATO ёсць афіцэрская школа для краін NATO — хай атрымліваюць там адукацыю. Іх можна падрыхтаваць да будучага вайсковага кіравання Беларуссю”.  

У ЗША і ЕС мусіць таксама быць план для Беларусі на выпадак паразы Расіі, працягвае палітолаг:  

“Што яшчэ? Павінен быць таксама план на пераходны перыяд з боку ЗША і еўрапейскіх краінаў — які геапалітычны пакет будзе прапанаваны Беларусі ў выпадку, калі Расіія прайграе. То-бок пасля сыходу Расіі з Беларусі не намагацца нейкім чынам гандлявацца з Лукашэнкам, паставіць яму ультыматум: “Твой час скончаны, ты агрэсар”. То-бок паставіць яго перад фактам. Адразу дапамагчы са стабілізацыяй палітычных інстытутаў у Беларусі. Лічу, што асноўнай пагрозай у пераходны перыяд будзе пагроза рэваншу, пагроза алігархізацыі. То-бок нам будзе патрэбная інстытуцыянальная падтрымка — нешта падобнае да таго, што было ў Грузіі, калі да ўлады прыйшоў Саакашвілі. Пры фінансавай дапамозе ў тым ліку ЗША прайшлі рэформы сілавых структур, паліцыі, адміністрацыі — даволі паспяховыя”.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі