Парэшткі былога іспанскага дыктатара Франка вывезлі з маўзалею
24 кастрычніка парэшткі былога іспанскага дыктатара Франсыска Франка вывезлі з маўзалею. Іх пахаваюць на муніцыпальных могілках на поўначы Мадрыда. Менавіта там знаходзіцца магіла жонкі генерала, інфармуе "Бі-Бі-Сі".
Франка захапіў уладу ў Іспаніі ў выніку грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў. Правыя сілы тады перамаглі левых. Генерал аб'явіў сябе правадыром іспанскай дзяржавы і кіраваў ёй да сваёй смерці ў 1975 годзе. Пасля сыходу дыктатара ў Іспаніі была адноўлена манархія.
Франсыска Франка быў пахаваны ў базыліцы мемарыяльнага комплексу "Даліна Загінулых" пад Мадрыдам. Ініцыятарамі перапахавання сталі сацыялісты, якія знаходзяцца ля ўлады і называюць Франка не толькі дыктатарам, але і фашыстам. Сям'я Франка спрабавала аспрэчыць гэтае рашэнне праз суд, але няўдала. На карысць сацыялістаў спрацаваў закон 2007 года аб гістарычнай памяці, паводле якога ў маўзалеі могуць быць пахаваныя толькі загінулыя падчас грамадзянскай вайны. А дыктатар памёр сваёй смерцю.
"Гэта вялізная перамога ў імя годнасці, памяці , справядлівасці і адплаты — а значыць, у імя іспанскай дэмакратыі", — заявіў прэм'ер-міністр Педра Санчас. Ён не зважае на тое, што пытанне аб перапахаванні падзяліла краіну на дзве часткі. І гэта напярэдадні ўсеагульных выбараў, прызначаных на 10 лістапада.
Працэдура перапахавання праходзіла ў прысутнасці міністра юстыцыі, судмедэксперта, святара і 22 нашчадкаў Франка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.