Пасля адмены ільгот інваліды могуць застацца без пратэзаў

А прадпрыемства, на якім робяць пратэзы і артапедычны абутак, - без працы. Пра гэта Еўрарадыё расказала супрацоўніца аддзела маркетынгу Беларускага пратэзна-артапедычнага цэнтра Наталля Перапячай.


Наталля Перапячай: “Тэлефануюць пастаянна з самай раніцы. Усе баяцца гэтага чысла, баяцца, што льготы здымуць. Кажуць: “Мы не паспяваем, як быць?” Здаецца, і якасць нашай прадукцыі пакідае жадаць лепшага, а людзей і гэтага пазбаўляюць. Калі іх зараз пазбавяць ільгот, будзем пладзіць у краіне інвалідаў”.


Калі раней большасць вырабаў цэнтра людзі атрымлівалі бясплатна, а выдаткі на вытворчасць аплачваліся з бюджэту, то зараз за ўсё давядзецца плаціць самому. Да прыкладу, той жа артапедычны абутак каштуе каля 200 тысяч рублёў. Пары хапае максімум на год. А людзям з цэрэбральным паралюшам на год неабходна некалькі пар. Таму ў цэнтры рыхтуюцца да скарачэння вытворчасці і, адпаведна, штату.


Наталля Перапячай: “Вы ж самі ведаеце, якое дарагое жыццё. Людзі не ў стане набываць нашы вырабы. У нас сядзенне для ванны каштуе 160 тысяч, калі турэцкае сядзенне для ванны ў краме каштуе 48 тысяч. А ў нас не толькі абутак, але і сродкі рэабілітацыі. І інвалідныя каляскі, і поручні для інвалідаў, і розныя стульчыкі для дзяцей. Канешне, будуць страты. І мы баімся, што ў нас будуць скарачэнні, таму што такі вялікі штат”.


Штат вялікі ў пратэзна-артапедычным цэнтры таму, што ўся праца ручная. Прычым, кожны пратэз, кожная пара артапедычнага абутку вырабляецца пад індывідуальнага заказчыка. Таму яны такія дарагія. Праўда, да мадэльнага абутку артапедычнаму далёка, але выбіраць не даводзіцца.


Наталля Перапячай: “Напрыклад, наш артапедычны абутак вельмі дарагі. Быў бы ён прыгожы, мадэльны, тады я разумею, а так… Гэта калі пры “слановасці” зусім няма чаго абуць. Але гэта ўсё робіцца індывідуальна. Таму ўсё такое дарагое”.


Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя інвалідаў” Барыс Затурынскі прызнаўся Еўрарадыё, што праблему забеспячэння інвалідаў пратэзамі і спецыяльным абуткам ніякія таварыствы вырашыць не змогуць. Вырашыць іх можа толькі дзяржава.


Барыс Затурынскі: “Гэта праблема не вырашаецца праз таварыства. І вырашана не будзе – гэта матэрыяльны бок справы. У цывілізаваных краінах гэту праблему бярэ на сябе дзяржава. У нас дзяржава не можа ўзяць на сябе праблемы інвалідаў. Кожны, каму патрэбная дапамога ў пратэзаванні альбо ў артапедычным абутку, будзе выходзіць з гэтай сітуацыі самастойна”.


Праўда, старшыня асацыяцыі інвалідаў спадзяецца, што канчаткова дзяржава інвалідаў не пакіне сам-насам са сваёй бядой. Дапаможа “адрасна”.


Барыс Затурынскі: “Адрасная дапамога інвалідам застаецца. Таму пры звароце і падачы заявы ў органы сацыяльнай апекі ўсё будзе ўлічана”.


Разважаць на тэму таго, што перш чым атрымаць адрасную дапамогу, інвалід павінен будзе запэўніць у яе неабходнасці камісію з чыноўнікаў райвыканкаму, старшыня аб’яднання не захацеў. Затое выказаў шмат прэтэнзій да пратэзна-артапедычнага цэнтра.


Барыс Затурынскі: “Гэты пратэзны завод няхай не квакае. Няхай яны лепш робяць свае пратэзы на ўзроўні заходніх узораў. А не рабілі калдыры, якія выпускалі 30 гадоў, і сёння яны такія ж”.


Дарэчы, праект указа “Аб ільготах” прадугледжвае патраціць на адрасную дапамогу 34,8 мільярда рублёў. Разавую дапамогу на працягу года на набыццё пратэза змогуць атрымаць тыя, чые даходы не перавышаюць 120% ад бюджэту пражытачнага мінімума. Прычым на гэтую разавую дапамогу ўрад прызначыў толькі 6,8 мільярда рублёў. Ці хопіць гэтых грошай на ўсіх -- невядома. Асабліва з улікам таго, што большасць інвалідаў – малазабяспечаныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі