Пенсіянер выпадкова знайшоў вінтоўку, стаў яе пілаваць і прастрэліў сабе нагу
У Светлагорскім раёне пенсіянер трапіў у лякарню з агнястрэльным раненнем. Высветлілася, што 12 чэрвеня 68-гадовы мужчына рабіў пясочніцу для ўнукаў на сваім прыватным падворку. У нарыхтаваным пяску знайшоў зброю — іржавую самазарадную вінтоўку сістэмы Токарава (СВТ-40) з часоў Другой сусветнай вайны.
Мужчына вырашыў пазбавіцца знаходкі і стаў яе пілаваць бензарэзам. У гэты момант вінтоўка стрэліла. Як пасля высветлілася, яе магазін быў пусты, але ў патронніку застаўся адзін патрон.
У пенсіянера скразное раненне і агнястрэльны аскольчаты пералом вялікабярцовай косткі. Ён знаходзіцца ў лякарні, а міліцыя разбіраецца ў інцыдэнце, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.