Першая камісія Мінздароўя не ведала, навошта едзе ў БХМД Віцебск — Мартаў
Уладзімір Мартаў / TUT.BY
Першая камісія, накіраваная ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі ў Віцебску, не ведала, навошта туды едзе, распавёў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Уладзімір Мартаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Размова аб праблемах з падачай кіслароду, якія здарыліся ў бальніцы 7-8 студзеня. Па словах Мартава, з-за гэтых адключэнняў адбылася катастрофа — сталі паміраць людзі: "нехта памёр у тыя ж дні, нехта — на наступны дзень, нехта — праз 3-5 дзён". Мартаў напісаў пра гэта міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу.
"Прыехала камісія ад самога міністра, мне далі вымову і ўрэшце звольнілі. Цяпер высветлілася, што камісія, накіраваная 13.01 міністрам па маім звароце, не была ў курсе пра праблемы з перабоямі ў дастаўцы кіслароду ў мяне ў БХМД. Яны нават не ведалі, з якой нагоды іх да нас накіравалі", — распавёў Мартаў.
Пра інцыдэнт стала вядома толькі ў сакавіку, калі загадчык аддзялення распавёў пра гэта журналістам. У выніку на сітуацыю вымушаны быў адрэагаваць нават Аляксандр Лукашэнка, ён даручыў Піневічу разабрацца. "Калі гэта чарговая палітыка, так трэба на месца ставіць", — сказаў Лукашэнка. "Паставім", — адрэагаваў кіраўнік міністэрства аховы здароўя.
Пасля гэтага ў Віцебск адправілі яшчэ адну камісію. Акрамя таго, медыкаў апыталі і следчыя. Адначасова з'явілася некалькі каментароў чыноўнікаў аб тым, што сітуацыя з кіслародам не адбілася на пацыентах. Пра гэта казаў і Піневіч, і яго намеснік Барыс Андрасюк. Апошні, у прыватнасці, нагадаў TUT.BY, што пры адключэнні сістэмы падачы кіслароду апарат ШВЛ працягвае працаваць, але пераходзіць на вентыляцыю атмасферным паветрам, а збоі ў працы "паўплывалі толькі на канцэнтрацыю кіслароду на 2-3 хвіліны".
"Да гэтага я шмат гадоў чуў, што аналізы не лечаць. А калі заканчваліся лекі — чуў, што яны таксама не лечаць. Цяпер вось кісларод не лечыць. Усе яны, вось гэтыя медыцынскія начальнікі — яны цудоўныя!", — заўважыў Мартаў.
Паводле яго слоў, у Беларусі наступае новы "этап славеснай эквілібрыстыкі: пацыенты ўсё роўна паміраюць ад каранавіруснай інфекцыі! Калі пацыенту не хапіла лекаў — ён памёр ад COVID-19. Калі пацыенту не хапіла апарата ШВЛ — ён памёр ад COVID-19. І нават калі пацыенту не хапіла кіслароду — ён усё роўна памёр ад COVID-19. І не паспрачаешся!", — робіць сумны вывад доктар.
На заканчэнне ён успамінае загаловак з гітлераўскай газеты, у якую зазіраў Шцірліц у фільме Таццяны Ліёзнавай "Сямнаццаць імгненняў вясны": "Нашы поспехі бясспрэчныя!".
У пачатку сакавіка стала вядома, што з Мартавым не падаўжаюць кантракт. У першую хвалю каранавіруса доктар публічна распавядаў пра ўмовы працы ў пандэмію: што медыкі па сутнасці засталіся сам-насам з праблемай, а дапамогу атрымліваюць у асноўным ад валанцёраў. У жніўні 2020-га ён таксама выступіў з адкрытым лістом супраць гвалту з боку сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.