Першыя назвы беларускіх рок-легенд (фота)
Еўрарадыё прыгадвае, якія імёны давалі музыкі сваім гуртам на пачатку кар’еры, і як прыдумлялі сённяшнія назвы.
Часцяком вядомыя гурты свае першыя музычныя крокі робяць не пад тымі назвамі, з якім атрымалі прызнанне публікі. Напрыклад, Pink Floyd маглі бы быць вядомымі як Tea Set (“Чайны сервіз”), Led Zeppelin — The New Yardbirds (“Навабранцы”), The Beatles — Johnny & The Moondogs (“Джоні і месяцавыя сабачкі”) або The Quarrymen, Muse — Rocket Baby Dolls (Рэактыўныя пупсы), Queen — Smile (“Усмешка”) і г.д. Еўрарадыё даведалася, на якіх гуртах маглі б вырасці пакаленні аматараў беларускай рок-музыкі.
Гурт “Палац” пачынаўся, як безназоўны. Музыкі выступалі на вяселлях, гралі савецкія песні ў перамешку са сваімі кампазіцыямі. Але з цягам часу было вырашана змяніць фармат і паспрабаваць сябе ў танцавальным джазе а-ля Эдзі Рознэр. Тут і паўстала пытанне назвы.
“Узнікла ўмоўная назва “Дворец кукурузных палочек”, — з усмешкай узгадвае Алег Хаменка. — Былі ж палацы піянераў, палацы пенсіянераў і мы вырашылі пабудаваць свой палац. А тады ж нічога не магчыма было набыць. Самыя танныя былі вось гэтыя кукурузныя палачкі, якія мы елі з малаком і на сняданне, і на абед, і на вячэру. І цалкам мы называліся кабарэ-бэнд “Дворец кукурузных палочек”.
Гэтая назва праіснавала з 1990 па 1991 гады, а ўжо ў 1992-м было вырашана перайменавацца проста ў “Палац”.
Neuro Dubel некалькі дзён называўся “ЛСД”, але назва не кранала і ніяк не тычылася музыкаў. Пэўны час яны гралі, як “Ч.К.” — “Черепная коробка”, але і ад яе хутка адмовіліся. У назве “Пуп земли” музыкам зноў не хапала сексу ды панкаватасці, хоць Аляксандр Кулінковіч дагэтуль шкадуе і лічыць яе паспяховай. На дапамогу прыйшоў выпадак, які і вырашыў далейшы лёс маладых панкаў.
“Мы ж панкі, а значыць, у назве мусіць быць секс, які-небудзь фалічны сімвал. Напрыклад, пісталз, стоўб, дзюбель! О! Дзюбель — маленькі, але секс-сімвал, — прыгадвае Аляксандр Кулінковіч. — А далей я вельмі доўга лячыўся ад розных там… войскаў і ўвесь час у Навінках бачыў надпісы “нейра”. Прапанаваў назвацца Neuro Dubel, усе пагадзіліся! Вельмі дурная назва!”
Гурт Ulis адразу ж выбраў і спыніўся менавіта на гэтай назве. Па словах Славы Кораня, падказаў яе перакладчык, які працаваў над творам Джэймса Джойса. Музыкі з ім пазнаёміліся выпадкова, але адразу зразумелі, што іншыя варыянты назваў нават не варта разглядаць.
Першапачаткова “Незалежная рэспубліка Мроя” (N.R.M.) называлася проста “Мрояй”. Але і “Мроя” таксама з’явілася не адразу. Музыкі доўга вагаліся і, нават сур’ёзна падумвалі аддаць павагу сучасным тэхналогіям.
“Быў варыянт назвацца па-руску “Эскалатор” і іншыя такога кшталту, — кажа Лявон Вольскі. — Але спыніліся на “Мроі”, бо Уладзімір Давыдоўскі знайшоў гэта слова і яму вельмі спадабалася яго шматзначнасць. Гэта не проста “грёза”, калі казаць па-расійску, не проста мара, але можа быць і, напрыклад, хваробай, якую выклікаюць псіхатропныя сродкі”.
А вось варыянты назваў “Крамбамбулі” Лявон Артуравіч узгадаць не здолеў, маўляў, “нешта было, але, напэўна, лухта нейкая, бо не памятаю”.
Назва “Крама” з’явілася яшчэ да гурта. Такое імя мог атрымаць гурт “Бонда”. Таму, калі Ігара Варашкевіча запрасілі спяваць у “Рокіс” і быў скончаны запіс альбома, менавіта яна і была прапанаваная.
“Мы запісалі цэлы альбом, але я зразумеў, што нешта не вельмі ў нас атрымалася, — распавядае пра 1991 год Ігар Варашкевіч. — Я прапанаваў свае песні “Бяжы хлопец”, “Выпі са мной да дна” і іншыя, а таксама змяніць назву на “Крама”.
Так з’явіўся першы альбом “Крамы” — “Хворы на рок-н-рол”.
Напрыканцы 1990-х з’явіўся калектыў No Logo, які заснавалі Арцём Лядоўскі і Уладзімір Пугач. Пад такой назвай выйшаў альбом, які самі музыкі цяпер называюць крыху наіўным і мульцяшным. Наступны дыск Арцём і Уладзімір вырашылі назваць “Ассорти”, але раптам зразумелі, што перад прэзентацыяй трэба прыдумаць назву “безназоўнаму” гурту.
“Мы сталі проста займацца брэйнстормінгам, — узгадвае Уладзімір Пугач. — Мы тады з Арцёмам разам працавалі, таму селі ў офісе і пачалі ў слупок выпісваць словы. Выбралі слова “Морс”. А потым, як у “Аперацыі Ы”, давай “J” дададзім! А навошта? А каб ніхто не здагадаўся. Так і атрымалася J:Mopc. Так што іншыя назвы былі, цэлы слупок, але я іх ужо не памятаю”.
Ансамбль “Песняры” таксама некалькі гадоў выступаў пад назвай “Лявоны”. Калі ў 1970-м годзе ансамбль перайменавалі, Уладзімір Мулявін пакінуў назву “Лявоны” у якасці моладзевай творчай рок-лабараторыі. У выніку абодва гэтыя гурты існавалі паралельна.