Польскі міністр заявіў, што калі беларусы не ўмеюць па-польску, "дык навучацца"

Польскі міністр заявіў, што калі беларусы не ўмеюць па-польску, "дык навучацца"

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі зноў адказваў на пытанні пра лёс беларускамоўнага тэлеканала "Белсат". У інтэрв'ю радыё RMF FM ён пацвердзіў, што Польшча скарачае яго фінансаванне, паколькі "няма грошай на гэтую ініцыятыву". Вашчыкоўскі нагадаў, што ў Польшчы ёсць нямала іншых праблемаў, якія патрабуюць вырашэння, у тым ліку і праблема сірыйскіх уцекачоў.

Вядучы на гэта сказаў, што "вы цяпер хочаце звяртацца да Беларусі голасам TV Polonia, гэта значыць па-польску, а не ўсе ж беларусы гавораць па-польску, як ні дзіўна". Міністр адказаў: "Дык навучацца".

Вітальд Вашчыкоўскі таксама згадаў сваю мінулагоднюю паездку ў Беларусь. Паводле яго слоў, ён быў уражаны парадкам у нашай краіне. На гэта вядучы заўважыў, што ў Паўночнай Карэі на вуліцах яшчэ большая чысціня.

Як паведамляла Еўрарадыё, польскія ўлады збіраюцца правесці рэформу замежнага вяшчання, паколькі ёсць пытанні да яго эфектыўнасці (у тым ліку і да "Белсата", які існуе 10 гадоў, а "яго ўплыў на рэальнасць сціплы"). Плануецца, што новы тэлепраект будзе накіраваны на палякаў, якія жывуць у Беларусі, і на тых людзей, якія хочуць авалодаць польскай мовай. Улады Беларусі, нібыта, гатовыя дадаць гэты тэлеканал у кабельныя сеткі. У адказ на такія планы была распачатая кампанія ў абарону "Белсата".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі