Прадпрымальнікам і кампаніям могуць не вярнуць грошы з "Дэльта Банку"

Пачынаючы з 22 траўня юрыдычныя асобы могуць звяртацца ў "Дэльта Банк" з патрабаваннем аб вяртанні сваіх сродкаў.

Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў "Дэльта Банка" яшчэ 18 сакавіка. За гэты час Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх дэпазітаў фізічных асоб амаль цалкам разлічылася з людзьмі, якія захоўвалі грошы на яго рахунках. Ім выплацілі 52,4 мільёна долараў, 8,6 мільёна еўра і 740,4 мільярда рублёў.

Як піша "Комсомольская правда", цяпер звяртацца ў банк па свае грошы могуць і юрыдычныя асобы. Гэта звязаны з тым, што суд пачаў крымінальную справу аб банкруцтве "Дэльта Банка".

Аднак наўрад ці ўсе бізнэсоўцы змогуць вярнуць свае грошы. Паводле закону, банк найперш будзе абавязаны цалкам разлічыцца з усімі сваімі супрацоўнікамі, выплаціць за іх унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, пералічыць у бюджэт ўсе падаткі. Паміж юрыдычнымі асобамі і бізнэсоўцамі размяркуюць сродкі, якія застануцца пасля ўсіх абавязковых выплатаў.

Нагадаем, праваахоўнікі заявілі, што "Дэльта Банк" перавёў частку сродкаў на рахунак афшорнай кампаніі ў Белізе. Гаворка ідзе пра 35 мільёнаў долараў, з якіх меркавалася вяртаць грошы укладчыкам. Па звестках на 18 траўня, "Дэльта Банк" сышоў у мінус на 313 мільярдаў рублёў. Адзіная маёмасць, на якую могуць разлічваць крэдыторы, — гэта мэбля, камп'ютары, будынкі, калі яны былі ва ўласнасці банка.

Фота — obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі