Прадстаўнік Ціханоўскай распавёў аб падрыхтоўцы яе візіту ў ЗША

Валерый Кавалеўскі / Еўрарадыё
Валерый Кавалеўскі / Еўрарадыё

Візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША плануецца на тыя ж даты, калі павінна прайсці інаўгурацыя Джо Байдэна, заявіў у інтэрв'ю выданню "Наша Ніва" прадстаўнік Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі. Ён — дыпламат, выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ, працаваў у МЗС Беларусі і пасольстве ў Вашынгтоне. У каманду Ціханоўскай прыйшоў, пакінуўшы працу ў штаб-кватэры Сусветнага банка.

Па словах Кавалеўскага, пакуль невядома, ці будзе Ціханоўская прысутнічаць на цырымоніі. "Яшчэ няма пацверджання і сустрэчы з Байдэнам", сказаў ён. Хоць такая сустрэча, "выглядала б цалкам натуральна з улікам таго, як Байдэн ставіцца да падзеяў у Беларусі, якія заявы ён рабіў па Беларусі — добра падрыхтаваныя, кампетэнтныя і вельмі жорсткія ў дачыненні да Лукашэнкі", падкрэсліў Кавалеўскі

Пракаментаваў дыпламат і магчымасць доўгачаканага вяртання ў Мінск амерыканскага амбасадара — на фоне крызіснай сітуацыі ў Беларусі.

"Ёсць такое разуменне, што Штаты вельмі хацелі б, каб пасол Джулі Фішэр прыбыла ў Беларусь. Але ёсць перашкода ў рашэнні Сената, які яшчэ не галасаваў. Невядома, ці ўдасца гэта зрабіць", — сказаў Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, амерыканцы вельмі хацелі б завяршыць 12-гадовы перыяд адсутнасці амбасадара ў Беларусі. Дыпламатычная прысутнасць на такім узроўні надала б новы імпульс рабоце амбасады. "Але яны не могуць не разумець, што гэта будзе ацэнена рэжымам як моцны сігнал, будуць казаць, што гэта прызнанне легітымнасці Лукашэнкі", — падкрэсліў пры гэтым Кавалеўскі.

Акрамя таго незразумела, якую практычную дзейнасць зможа весці амерыканскі дыпламат на месцы, дзе, па сутнасці, згорнутыя усе кантакты з урадавымі арганізацыямі. Усё, што ён зможа рабіць, гэта маніторыць сітуацыю.

Беларуска-амерыканскія адносіны сталі мяняцца ў лепшы бок у мінулым годзе. Мінск наведалі некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, у тым ліку ў лютым гэтага года — дзяржсакратар Майк Пампеа. У пачатку чэрвеня часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур казала журналістам, што новы амбасадар мусіць прыехаць у Менск ужо летам. Аднак гэтага не здарылася.

У верасні Камітэт па замежных справах Сената рэкамендаваў для зацвярджэння амбасадарам у Беларусі кандыдатуру Фішэр. Але разгляду яшчэ не было. Пры гэтым у сярэдзіне верасня першы намеснік дзяржсакратара ЗША Стывен Біган казаў, што Вашынгтон не плануе адмаўляцца ад адпраўкі амбасадара ў Беларусь. А ў лістападзе намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент заяўляў, што Вашынгтон лічыць неабходным умацоўваць амерыкана-беларускія адносіны "нават з улікам такіх няпростых часоў, як цяпер у Беларусі".

Пры гэтым абраны прэзідэнт Джо Байдэн у кастрычніку выступаў за пашырэнне санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў і казаў пра план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Амерыканскае выданне The Washington Post не выключала, што Святлана Ціханоўскі можа стаць адной з гасцей інаўгурацыі Байдэна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі