Пракурор Брэстчыны пра казакоў: Cябры-расіяне павялі сябе неадэкватна

Пракурор Брэсцкай вобласці Іван Наскевіч пракаментаваў журналістам канфлікт у Пінску з удзельнікамі коннага паходу Масква — Берлін.

Нагадаем, што беларуская міліцыя затрымала траіх удзельнікаў коннага паходу Масква — Берлін. Двое сутак расіяне правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС у статусе падазраваных, а на трэція (10 ліпеня) ім усім выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.

Высветлілася, што трое грамадзян Расіі, адзін з іх непаўнагадовы, уначы, будучы ў нецвярозым стане, збілі маладога чалавека, які жыве ў інтэрнаце Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа ў вёсцы Галева. Таксама яны пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы і разбілі шкляную вазу.

Мясцовыя ўлады далі ўдзельнікам коннага паходу для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце вышэйназванага каледжа. Пацярпелы пражывае на іншым паверсе. Прыезджыя заявіліся да яго ў пакой і збілі. Падставай для канфлікту нібыта стала яго сяброўства з дзяўчынай, з якой у дзень свайго засялення ў інтэрнат пазнаёміліся і расіяне.

Па словах пракурора Брэстчыны, у рашэнні праваахоўнікаў не трэба шукаць палітычнага кантэксту. Маўляў, закон для ўсіх аднолькавы.

Наскевіч: "Нашы сябры-расіяне павялі сябе неадэкватна. Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што мы заўсёды адэкватна на кожны факт правапарушэння глядзім: калі б яны першапачаткова прынеслі прабачэнні, прынялі б захады па загладжванні нанесенай шкоды, то і мы зрабілі б па-братэрску. Але, на жаль, такіх крокаў насустрач зроблена не было".

Дарэчы, паход казакоў працягнуўся не толькі без затрыманых удзельнікаў, але і без... коней. Брэст стаў канчатковым пунктам маршруту коннага паходу ў тым варыянце, як ён быў задуманы. Прайшоўшы ў конным страі ад Масквы да Брэста 1400 км, далей экспедыцыя адправіцца ў скарочаным складзе, а менавіта без жывёл. Па словах арганізатараў, ім прыйшлося адмовіцца ад першапачатковага фармату праз патрабаванні польскага ветэрынарнага нагляду.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у ноч на 16 ліпеня ўдзельнікі паходу перасяклі на аўтобусе беларуска-польскую мяжу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі