Прапагандыстка папрасіла прабачэння, што назвала нявестку Лукашэнкі змагаркай
Вольга Бондарава / Кадр з відэа
Прапагандыстка і даносчыца Вольга Бондарава папрасіла прабачэння за тое, што ў траўні назвала нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Лукашэнку (Ганну Сялук) "змагаркай" (той допіс у Telegram яна хутка выдаліла). "Паважаныя суграмадзяне! Жадаю сказаць, што калі я пісала пра тое, што Ганна Сялук змагарка, я памылялася, бо гэта няпраўда. Інфармацыю заўсёды трэба правяраць", — напісала ў сваім тг-канале Бондарава ў пятніцу.
Чаму менавіта цяпер Бондарава вырашыла папрасіць прабачэння, невядома. Нядаўна ёй тэлефанаваў блогер Андрэй Павук, які прадставіўся "супрацоўнікам КДБ" і папрасіў прапагандыстку больш так не памыляцца. Яна ж апраўдвалася, што "не ведала, хто яна такая", пакуль ёй "не ўдакладнілі".
Ганна Лукашэнка — жонка Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі. Апошнім часам пад псеўданімам "Ганна Сялук" яна набыла вядомасць як "паэтка-песенніца". Яна аўтарка песень "Бульба-дэнс" і "Ах, Александр", гімна Генпракуратуры "Захавальнікі права", а таксама песні да "Дня народнага адзінства".
На даносы Вольгі Бондаравай затрымліваюць людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.