Прысуд аўтарам "Рэгнума" абвесцяць 2 лютага

Прысуд аўтарам "Рэгнума" абвесцяць 2 лютага

Прысуд беларускім аўтарам расійскага сайта Regnum будзе абвешчаны 2 лютага а 14-й гадзіне. Сёння яны выступілі з апошнім словам, перадае Радыё "Свабода".  

Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку вінавацяць у групавым распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыналежнасці. Абвінавачанне просіць для іх пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады. 

У сваім апошнім слове Алімкін не пагадзіўся, што сваімі артыкуламі распальваў міжнацыянальную варожасць. Ён заявіў, што яго тэксты накіраваныя акурат на барацьбу з распальваньнем нацыянальнай варожасці. "Нам вырашылі заткнуць рот", — сказаў Алімкін пра тых, хто дамогся крымінальнай справы супраць прарасійскіх публіцыстаў. Алімкін не прызнаў сябе ні ў чым вінаватым. Яго выступ быў доўжыўся каля 10 хвілінаў.

Юрый Паўлавец назваў непісьменнымі экспертаў з рэспубліканскай экспертнай камісіі пры Мінінфармацыі, якія аналізавалі тэксты аўтараў "Рэгнума". Паўлавец мяркуе, што яго заўвагі, быццам беларуская мова амаль не ўжываецца, — гэта не распальванне нацыянальнай варожасці. Ён нават сказаў некалькі словаў па-беларуску, каб паказаць, што валодае гэтай мовай. 

Паўлавец нагадаў, што за 90-я гады ХХ стагоддзя беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай, стала менш на 16%. Віну за гэта ён усклаў на  беларускую дзяржаву. "І пасля гэтага гэтыя людзі абвінавачваюць мяне ў тым, што я распальваю нацыянальную варожасць?" — абурыўся падсудны. Таксама ён паведаміў, што ніколі не лічыў беларусізацыю дрэннай з'явай, але мае прэтэнзіі да таго, як яна праводзіцца. Выступ Паўлаўца доўжыўся 30 хвілінаў.

Рэдактар часопіса "Новая экономика" Сяргей Шыптэнка адразу заявіў пра палітычны характар справы. Сябе і двух другіх падсудных ён назваў "рэспэктабельнымі" людзьмі, а свой асабісты ўзровень адукацыі параўнаў з Карлам Марксам.

Шыптэнка заявіў суду, што ён гатовы яшчэ цярпець і сядзець у турме за "русский мир", аднак лічыць, што беларускаму грамадству не патрэбныя раскол і супрацьстаянне. Ён не прызнаў віны ў распальванні міжнацыянальнай варожасці. Яго апошняе слова цягнулася больш за паўтары гадзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі