Прыязджаю ў Варшаву, а валіза знікла. Што рабіць, калі ў вас скралі багаж

Беларусы сталі часцей скардзіцца на зніклы багаж. Спыталі ў юрыста, што рабіць / pixabay
Беларусы сталі часцей скардзіцца на зніклы багаж. Спыталі ў юрыста, што рабіць / pixabay

Беларусы ў эміграцыі сталі ўсё часцей скардзіцца на зніклы багаж. Разам з юрыстам Цэнтра беларускай салідарнасці Марынай Грышчанка разабралі самыя частыя сітуацыі, у якія траплялі нашы суайчыннікі за мяжой. І высветлілі, што рабіць у кожнай з іх.
 

Валіза згубілася на мяжы

Сітуацыя. Выходжу на аўтавакзале ў Варшаве — а маёй валізкі ў багажным аддзяленні няма. Багажнік адкрывалі толькі на мяжы, мяркую, што валізу згубілі менавіта там. Хто кампенсуе страту?

Што рабіць?

— У Польшчы перавозчык нясе адказнасць за багаж. І адказвае перад вамі, калі багаж быў сапсаваны або страчаны па яго віне.

Напрыклад, калі на мяжы вы выходзілі для мытнага кантролю, а пасля кіроўца забыўся зачыніць багажнае аддзяленне, паехаў далей, а валізкі выпалі. У такім выпадку вы маеце права патрабаваць ад перавозчыка, каб ён кампенсаваў урон ад згубленага багажу.

Прычым, усё роўна, хто перавозчык: польская ці беларуская кампанія. Галоўнае, што ён ажыццяўляе перавозкі па тэрыторыі Польшчы, а значыць, павінен прытрымлівацца польскага заканадаўства.

Вам трэба звярнуцца да перавозчыка, апісаць сітуацыю і, пажадана, прыкласці доказы нядбайнасці кіроўцы. Добра, калі ў каго-небудзь з аўтобуса знойдзецца фота расчыненага багажніка, да прыкладу.

Приезжаю в Варшаву, а чемодан пропал. Что делать, если у вас украли багаж
Багаж / pixabay

Калі перавозчык адмаўляецца кампенсаваць урон добраахвотна, прыйдзецца звяртацца ў суд. Прытым усё роўна, ёсць у вас від на жыхарства ў Польшчы або няма, вы маеце права звярнуцца ў суд.
 

Валіза-двайнік

Сітуацыя. Прыязджаю дадому, адчыняю валізу — а яна не мая! Што рабіць, калі неспадзявана "памяняўся" падобнымі валізкамі з іншым пасажырам?

Што рабіць?

— Польскае заканадаўства кажа: калі вы знайшлі чыюсьці рэч, вы абавязаныя на працягу 14 дзён праінфармаваць пра гэта паліцыю альбо іншы дзяржаўны орган. Або самастойна паспрабаваць як мага хутчэй знайсці гаспадара, калі гэта магчыма.

Адразу ж звярніцеся ў паліцыю і раскажыце, што вы знайшлі чужую валізу. Або звярніцеся да перавозчыка і скажыце, што ў вас памылкова апынулася чужая валіза. Калі вы проста пакінеце яе ў сябе і нікога не праінфармуеце, то рызыкуеце атрымаць абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства.

І вось яшчэ адна падстава вярнуць чужую валізу як найхутчэй. Калі вы пратэрмінавалі адведзеныя на вяртанне 14 дзён, вас могуць пакараць штрафам, арыштам да 30 дзён, абмежаваннем ці нават пазбаўленнем волі. Усё залежыць ад кошту рэчаў, якія вы не вярнулі своечасова.

Калі кошт чужога багажу вышэйшы за 500 злотых, то вам пагражае пазбаўленне волі мінімум на 3 месяцы. Тое ж самае павінна матываваць неспадзяванага выкрадальніка вашага багажу вярнуць яго мага хутчэй — перавозчыку або паліцыі.
 

“Падазроныя асобы”

Сітуацыя. Вакол аўтобуса на вакзале круціліся "падазроныя асобы". Няма сумневаў, хтосьці з іх і сцягнуў маю валізу, калі адкрыўся багажнік.

Што рабіць?

— Адразу ж звяртайцеся ў паліцыю. На вакзалах часцей за ўсё ёсць камеры назірання, а ў перавозчыка — асабістыя дадзеныя людзей, якія ехалі з вамі ў аўтобусе. У паліцыі могуць атрымаць доступ і да таго, і да другога. Таму для паліцэйскіх не будзе вялікага клопату адсачыць, хто забраў вашую валізку.

Приезжаю в Варшаву, а чемодан пропал. Что делать, если у вас украли багаж
Валіза / pixabay

З кіроўцам не сварыцеся — не ягоны абавязак сачыць за тым, хто забраў ваш багаж. Сітуацыя падобная на аэрапорт, кажа юрыст. Вы аддаяце багаж, перавозчык гарантуе, што перавязе яго з пункта А у Б. Але не адказвае за тое, што адбудзецца з валізай, пакуль яна будзе круціцца на багажнай стужцы.

І так, гэта праўда, што калі вы звернецеся ў паліцыю, вам абавязаныя прадаставіць перакладчыка, так што хай моўны бар'ер вас не спыняе.

Не здзівімся, калі пасля чытання ўсіх гэтых гісторый вы вырашыце проста застрахаваць багаж.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі