Пуцін звольніў Наталлю Паклонскую, якая неадназначна выказалася пра "літару Z"
Наталля Паклонская / @poklonskaya_nv
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звольніў з пасады намесніцу кіраўніка Рассупрацоўніцтва Наталлю Паклонскую. Адпаведны ўказ апублікаваны ў панядзелак на афіцыйным расійскім партале прававой інфармацыі.
Дакумент датуецца 13 чэрвеня. І ў ім гаворыцца, што "указ уступае ў сілу са дня падпісання". Блогеры і журналісты выказалі здагадку, што гэтае кадравае рашэнне магло быць звязанае з нядаўнімі заявамі Паклонскай з нагоды вайны ў Украіне. Яна, у прыватнасці, казала, што "літара Z сімвалізуе трагедыю і гора як для Расіі, так і для Украіны". У парламенце Крыма за гэтае выказванне ёй нават прыгразілі пазбаўленнем дзяржузнагарод.
Аднак сама Паклонская кажа, што яе звальненне звязанае з пераходам на іншую працу. "Я ўдзячная нашаму прэзідэнту за падтрымку і давер!" — напісала яна ў панядзелак у сваім Telegram-канале.
Наталля Паклонская да 2014 года — супрацоўніца Крымскай пракуратуры. Пасля анексіі Крыма зрабілася пракуроркай. Была дэпутаткай Дзярждумы РФ, дзе запомнілася крытыкай фільма "Мацільда" і выступамі супраць пенсійнай рэформы. У мінулым кастрычніку Пуцін прызначыў Паклонскую Надзвычайным і Паўнамоцным паслом РФ у Рэспубліцы Каба-Вердэ. Але яна туды не паехала, спаслалася на асабістыя прычыны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.