Пяскоў: Мінск можа шукаць любыя варыянты паставак нафты, лепшыя за расійскі

Пяскоў: Мінск можа шукаць любыя варыянты паставак нафты, лепшыя за расійскі

Беларусь можа карыстацца любымі варыянтамі паставак нафты, калі яны больш выгадныя, чым расійская прапанова. Так прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Эхо Москвы" кіраўнік Беларусі заявіў, што ва ўмовах расійскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы наша дзяржава вымушаная шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты. Ён не выключыў, што гаворка можа ісці аб рэверсных пастаўках нафты з Польшчы. 

Пяскоў падкрэсліў, што ў Крамлі не лічаць такія заявы недружалюбнымі. "Чаму недружалюбныя? Беларусь вольная скарыстацца любымі варыянтамі, калі яны больш выгадныя, чым тое, што прапануецца з боку РФ", — прыводзіць яго словы ТАСС. 

Прадстаўнік Крамля адзначыў, што Масква "з дастатковай сур'ёзнасцю ўспрымае любую заяву кіраўніка Беларусі". У выпадку з пастаўкамі нафты, па словах Пяскова, гаворка ідзе пра эканамічную і камерцыйную мэтазгоднасць. Ён дадаў, што праца тут працягваецца. 

Ён падкрэсліў, што пры цяперашнім узроўні інтэграцыі нельга гаварыць аб роўных умовах для расійскіх і беларускіх спажыўцоў. "Цяперашні ўзровень інтэграцыі гэтага не прадугледжвае", — заявіў прэс-сакратар Пуціна. Нейкія палёгкі, на яго думку, магчымыя "пасля таго, як інтэграцыйныя працэсы пойдуць далей".

На 2020 год Беларусь дамовілася на пастаўку 24 мільёнаў тон расійскай нафты. 

За пагаршэнне ўмоваў пры расійскім падатковым манеўры афіцыйны Мінск хоча кампенсацыі. 

Журналісты пацікавіліся, калі будуць падпісвацца дарожныя карты па інтэграцыі. На гэта Пяскоў заявіў, што падпісанне — толькі фармальнасць: "Галоўнае, што яны ўзгодненыя, гэта рэальна вялікае дасягненне. Вялiкая работа праведзеная ўрадам — ​​тэхналагічная, тэхнічная, і гэта важна для нашых дзвюх краін".

Ён нагадаў, што бакі пакуль не ўзгаднілі толькі адну з 31 дарожнай карты. Аднак нявырашаным застаецца таксама пытанне пра нафту і газ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі