Расійскі сертыфікат — паперка: чаму брэнды перастаюць працаваць з Беларуссю
Расійскім сертыфікатам Дзяржстандарт не давярае / Еўрарадыё
Расійскі вытворца адзення Platin спыніў працу з Беларуссю. Так кампанія адказала на просьбу беларускага індывідуальнага прадпрымальніка даслаць каталог тавараў.
— ...з прычыны неадэкватнай работы кантрольных органаў, якія кожны год з розных прычын блакуюць нашы сертыфікаты якасці. Толькі з гэтай прычыны мы больш не можам адпускаць тавар на тэрыторыю РБ, — гаворыцца ў адказе Platin.
Праблемы толькі з Беларуссю
Па тэхнічных рэгламентах Мытнага саюза і ЕАЭС, каб адзенне можна было прадаваць, на яго абавязкова павінен быць сертыфікат якасці і бяспекі. Прадпрымальнікі не раз падкрэслівалі, што атрымаць патрэбныя дакументы ў Расіі і так не заўсёды магчыма. Асабліва калі яны закупляюцца на рынках.
Але чамусьці нават пры наяўнасці сертыфіката якасці ў Дзяржстандарта ўзнікаюць пытанні да ІП. У аддзеле па рабоце з кліентамі Platin журналісту Еўрарадыё гэта тлумачаць тым, што ў Беларусі захаваліся стандарты яшчэ з часоў распаду СССР.
— Калі ўзяць тэхнічны момант па баваўнянай тканіне, сёння да вырабаў зусім іншыя патрабаванні. Раней кашуля была на сто адсоткаў з бавоўны, але трэба было нямала намаганняў, каб яе папрасаваць, і яна адразу мялася. Цяпер такі склад тканіны ніхто не робіць, таму што гэта зусім нязручна для спажыўца. Таму дзесьці знізілі колькасць бавоўны, дзесьці тканіна стала танчэйшая. Але ў вас патрабаванні засталіся ранейшыя.
Platin працуе з кліентамі па ўсім ЕАЭС, але такія праблемы толькі з Беларуссю, падкрэслівае суразмоўнік.
— Мы б з задавальненнем прадавалі ў Беларусь. Проста гэтыя крытэры пара мяняць. Паколькі ваш сертыфікацыйны цэнтр нашы сертыфікаты блакуе, мы не можам сабе дазволіць толькі праз вас мяняць вытворчыя тэхналогіі. У нас проста не хопіць грошай. Па крытэрах у Расійскай Федэрацыі ў нас усё нармальна.
"І па маркіроўцы нас пашлюць"
Кіраўнік РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка падкрэслівае, што на справе расійскія сертыфікаты нічога не значаць для кантрольных органаў.
— Прыходзіць Дзяржстандарт на гандлёвы пункт. Глядзіць расійскі сертыфікат. Ён зарэгістраваны ў рэестры ва ўстаноўленай форме. Дзяржстандарт павінен сказаць, што ўсё выканана добрасумленна. А на самай справе ён кажа: "Гэта проста паперка, а цяпер давайце ўзоры на праверку".
Яны па сваіх стандартах вызначаюць, што нібыта гэта прадукцыя не адпавядае патрабаванням. Прадпрымальнік атрымлівае штраф, і яны адпраўляюць яшчэ ў Расію інфармацыю адносна гэтага сертыфіката. І ў тых праблемы. Але ў нас жа Саюзная дзяржава, агульныя законы. І сертыфікаты павінны прызнавацца! — падкрэслівае Анатоль Шумчанка.
З 1 ліпеня 2021 года для беларускіх ІП пачне дзейнічаць абавязковая маркіроўка тавараў лёгкай прамысловасці на тэрыторыі ЕАЭС. Для яе патрэбны ў тым ліку сертыфікат.
— Мы першы раз убачылі такое паведамленне ад вытворцы, але прадпрымальнікі пішуць, што выпадкаў адмовы шмат. Вось, калі ласка, прыклад, як расіяне будуць (дакладней не будуць) з намі працаваць. Яны і па маркіроўцы нас пашлюць, — робіць выснову Анатоль Шумчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.