Разгляд справы аб банкруцтве “Дэльта Банка” пачнецца ў панядзелак
Банк пазбавілі ліцэнзіі два месяцы таму.
18 траўня Вярхоўны Суд Беларусі пачне працэс аб банкруцтве “Дэльта Банка”. Справа будзе слухацца судовай калегіяй па эканамічных справах на чале з суддзёй Сцяпанам Турмановічам. Пачнецца працэс у 11.00, паведамляе ў сваім Фэйсбуку прэс-сакратар Вярхоўнага Суда Юлія Ляскова.
Заяву аб банкруцтве крэдытнай установы ў Вярхоўны Суд падалі 24 красавіка. У выпадку прызнання "Дэльта Банка" банкрутам будуць выконвацца ўсе прадугледжаныя заканадаўствам працэсуальныя дзеянні. Гаворка ідзе аб фарміраванні рэестра патрабаванняў крэдытораў, правядзенні іх сходу, зацвярджэнні плана лiквiдацыi. Пасля гэтага пачнуцца выплаты кампенсацыі укладчыкам з ліку юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Абавязанні перад імі будуць выконвацца за кошт маёмасці банка. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ў другой палове года.
Тым часам Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў займаецца вяртаннем грошай фізічным асобам, якія былі кліентамі ЗАТ “Дэльта Банк”. Выплаты грошай адбываюцца праз банк “Масква-Мінск”.
Нагадаем, што Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў “Дэльта Банка” з 18 сакавіка ў сувязі з невыкананнем ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама складаным фінансавым становішчам крэдытнай арганізацыі.