РБК: Беларусь можа атрымаць ад Расіі субсідыі — да $1,5 млрд

РБК: Беларусь можа атрымаць ад Расіі субсідыі — да $1,5 млрд

Беларусь і Расія дамовіліся пра схему кампенсацый за падатковы манеўр у нафтавай сферы РФ. Пра гэта паведамляе РБК, які спасылаецца на свае крыніцы. У выніку перамоваў за аснову прыняты варыянт увядзення зваротнага акцызу для нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі. Сума субсідый ацэньваецца на суму да 1,5 млрд долараў.

Пытанне кампенсацыі за страты ад падатковага манеўру шмат разоў ставілася на перамовах беларускім бокам, неаднаразова яе ўздымаў Аляксандр Лукашэнка. Айчынныя эксперты ацэньвалі магчымыя страты беларускага бюджэту ў 2019-2024 гадах на суму да 11 млрд долараў. Як вядома, раней наша краіна набывала расійскую нафту (24 млн тон) і не плаціла пошліны ў бюджэт РФ. З яе перапрацоўвалася толькі 18 млн тон, астатнія 6 млн тон прадаваліся. Гэта была істотная падтрымка для беларускага бюджэту ("схаваная субсідыя"), кампенсацыя цэн на газ. Аднак у 2019-м усё змянілася — Расія пачала праводзіць шасцігадовы падатковы манеўр у нафтавай сферы і экспартныя пошліны на нафту паступова абнуляюцца. А гэта значыць, што знікае і "схаваная субсідыя".

На беларуска-расійскіх перамовах па "паглыбленні інтэграцыі" падчас падрыхтоўкі "дарожных картаў" тэма кампенсацыі была вельмі важнай для Мінска. РБК сцвярджае, што Расія прапануе беларускім НПЗ "адмоўны акцыз" — адлічэнне падаткаў, сёлета ўведзенае для расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак такія "роўныя правы" могуць быць толькі пасля ўніфікацыі Падатковага кодэксу. А беларускі пасол у РФ Уладзімір Сямашка заяўляў, што яе не будзе да 2022 года. А да таго часу беларускі бок атрымае частковую кампенсацыю ў выглядзе змены цэнаў на нафту. І Сямашка запэўніваў, што наступны год не стане праблемным для згаданых беларускіх заводаў.

На 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу запланаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, на якіх можа быць узнята тэма кампенсацыі Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі