Рэцэпт велікоднага куліча ад Еўрарадыё (відэа, фота)

  • Склад:
  • Мука — 700-1000 г
  • Малако — 1,5 шклянкі
  • Яйкі — 7 шт.
  • Сметанковае масла — 150-200 г
  • Цукар — 1,5-2 шклянкі
  • Дрожджы — 40-50 г
  • Соль
  • Разынкі, цукаты, міндаль — па 50 г
  • Ванілін ці ванільны цукар
  • Для глазуры:
  • Бялок — 1 шт.
  • Цукровая пудра — 0,5 шклянкі
  • Сок цытрыны — 1 лыжка

Гатаванне:

У цёплым малацэ раствараем сталовую лыжку цукру і дрожджы. Паступова дадаем прыкладна 150-200 грамаў прасеянай мукі. Перамешваем, каб не было камякоў. Накрываем чыстым ручніком і ставім у цёплае месца.

Аддзяляем бялкі ад жаўткоў. Бялкі прыбіраем у лядоўню, а жаўткі расціраем з цукрам (у залежнасці ад таго, наколькі салодкі куліч вы хочаце, можна дадаваць ад некалькіх лыжак да 2-х шклянак).

Топім масла і астуджаем яго. Калі аб'ём “закваскі” павялічыўся ўдвая, дадаем у яе жаўткі, расцёртыя з цукрам (адзін жаўток пакідаем для змазвання), таплёнае масла (астуджанае да тэмпературы цела), соль, ванільны цукар ці ванілін і ўсё перамешваем.

Узбіваем халодныя бялкі ў пену. Асцярожна дадаем іх і астатнюю муку. Цеста вымешваем міксерам са шрубавымі насадкамі (спецыяльныя насадкі для цеста), пакуль не з'явяцца бурбалкі паветра ў цесце — гэта значыць, што цеста дастаткова ўзбагацілася кіслародам і вымешванне можна спыняць. Накрываем ручніком і зноў у цёплае месца для ўздымання.

Галоўнае не забывацца пра цеста, бо яно жыве сваім жыццём!)

Калі цеста паднімецца і павялічыцца ў аб'ёме ў некалькі разоў, дадаць разынкі (прамытыя, прасушаныя і абваляныя ў муцэ), дробна нарэзаныя цукаты, і вычышчаны і насечаны міндаль. Зноў перамяшаць цеста, гэтым разам доўга, каля 5 хвілін, і зноў паставіць у цёплае месца для ўздыму.

Каб ачысціць міндаль ад скуркі, яго трэба на 2 хвіліны заліць кіпнем, затым ваду зліць, і скурка будзе лёгка адслойвацца.

На дно формы для выпечкі кулічоў кладзем праалеены кружок пергаментнай паперы, змазваем алеем сценкі і абсыпаем мукой.

Цеста раскладаем у падрыхтаваныя формы і даем яму яшчэ раз падняцца, змазваем верх куліча жаўтком. Для атрымання больш пышнага куліча форму трэба запоўніць на 1/3 вышыні, для больш шчыльнага — на 1/2 вышыні.

Выпякаць кулічы пры тэмпературы 180 градусаў 40-60 хвілін (у залежнасці ад памераў кулічоў). Каб верх куліча не падгарэў, пасля таго як ён зарумяніўся, трэба накрыць яго кружком паперы, змочаным вадой. Гатовасць куліча правяраюць, уторкнуўшы ў яго тонкую драўляную палачку: калі палачка сухая, то куліч гатовы, а калі на ёй будзе цеста — не.

Гатовыя кулічы асцярожна вымаем з формы (будзьце асцярожныя, каб не зламаць) і кладзем бачком на засланую ручніком падушку ці на ложак, прыкрываем і перыядычна, паварочваем іх рознымі бакамі, пакуль кулічы не астынуць.

Пасля астуджэння куліч можна пакрыць глазурай ці ўзбітымі яечнымі бялкамі, можна паліць шакаладам а зверху ўпрыгожыць цукатамі, ягадамі, шакаладнымі фігуркамі. Для глазуры трэба 1 астуджаны бялок узбіць, паступова дадаць 0,5 шклянкі цукровай пудры і 1 сталовую лыжку свежавыціснутага цытрынавага соку.

Гатовая глазура... ммм...

Гатовыя кулічы складаем у вялікі засланы ручніком рондаль, накрываем вечкам і ставім у цёплае месца на ноч, бо кулічы мусяць даспець.

Са святам і смачна есці!!!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі